“Тэхнічная вада і соль — даволі дзіўны гуманітарны груз, пагадзіцеся”

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў папярэдзіў Кіеў, што яны рыхтуюць да адпраўкі ва Украіну другі “гуманітарны канвой”. Гэта пры тым, што шум вакол першага канвою яшчэ не сціх і да гэтага часу з’яўляецца шмат версій на тэму, што расіяне везлі ў тых 282 белых грузавіках і што ў іх з Данбаса вывезлі.



Былы ўкраінскі разведчык, ваенны эксперт Аляксей Арастовіч схіляецца да думкі, што галоўная мэта канвою — дамагчыся праз Саўбез ААН, АБСЕ ці Чырвоны Крыж спынення баявых дзеянняў у тых раёнах, куды канвой накіроўваўся.



Аляксей Арастовіч: “Аб’яўляецца перамір’е, канвой ідзе ў гэтым раёне, туды ж праводзяць войскі, выводзяцца параненыя баявікі — усё як мае быць, і пытанні лагістыкі папаўнення вырашаюцца. Ні Чырвоны Крыж, ні АБСЕ, ні ААН на гэта не пайшлі, і канвой стаў непатрэбным, але разварочваць яго ў Расію ніякага сэнсу не было. Тады яны вырашылі выкарыстаць гэты канвой наступным чынам: мы гэты канвой заводзім без дазволу і едзем — калі ўкраінцы страляюць па ім, то ўра, скандал і можна ўводзіць войскі, а калі не страляюць, то будзе карцінка, як мы даставілі груз і ўсіх выратавалі”.

                               Аляксей Арастовіч



Да ўсяго, выказвалася меркаванне, што на зваротным шляху “гуманітарныя” грузавікі прыхопяць усё, што дрэнна ляжыць” на ваенных заводах Данбаса. Найперш абсталяванне. З такой заявай выступіла нават СНБА Украіны. Гэтую версію раскрытыкаваў на сваёй старонцы ў сацсетках вядомы ўкраінскі палітолаг Юрый Раманенка. Маўляў, 282 грузавікі могуць агулам вывезці грузаў да 4 тысяч тон — для завода гэта нішто, некалькі дзясяткаў станкоў. Але Аляксей Арастовіч такой “дробнай гадасці” з боку расійскіх “сяброў” не выключае. Асабліва з улікам згаданай заявы Лаўрова.



Аляксей Арастовіч: “Яны ж бачаць, што ўкраінцы нічога не робяць у сувязі з гэтым канвоем: значыцца, можна заганяць іх да бясконцасці — адзін, другі, трэці… І такімі тэмпамі павывозяць нешта там”.



Вядомы ўкраінскі эканаміст Аляксандр Пасхавер ад пачатку раіць не лічыць гэты канвой гуманітарнай місіяй. Па яго словах, калі груз везлі выключна ў раёны, занятыя прарасійскімі баевікамі, то гэта не больш чым дапамога жыхарам “на тэрыторыях, захопленых расійскімі вайскоўцамі і прарасійскімі баевікамі”. І не бярэцца разважаць пра сам груз. Да прыкладу, навошта было везці 300 тон солі ў раён, дзе размешчаны найбуйнейшы ў Еўропе завод па здабычы і выпускі харчовай солі?



Аляксандр Пасхавер: “Калі разважаць пра структуру грузу, то ўсё павінна быць праверана. Да прыкладу, казалі, што вязуць туды тэхнічную ваду. Таксама, пагадзіцеся, даволі дзіўны груз. Калі б Расія дала справаздачу хаця б тым грамадзянам, якім яна павезла ўсё гэта, пра колькасць грузу і яго структуры, то ў нас быў бы прадмет для ацэнкі”.

                                      Аляксандр Пасхавер



Што да версіі вывазу з Данбаса ваенных заводаў, то суразмоўца Еўрарадыё згодны з Юрыем Раманенкам — шмат не вывезеш. Але ж і не трэба браць краны ды тысячатонныя прэсы, дадае эканаміст.



Аляксандр Пасхавер: “Яны могуць узяць аснашчэнне, могуць узяць дакументацыю. Калі там ёсць адпаведныя спецыялісты, то яны выбралі ўсё, што трэба”.



Праўда, кажа Аляксандр Пасхавер, сцвярджаць, што расіяне зробяць менавіта такім чынам, няма падстаў — без праверанай і пацверджанай інфармацыі.



Еўрарадыё звязалася з журналістам аднаго з замежных СМІ, які цяпер працуе на тэрыторыі так званай ДНР і суправаджаў канвой і ва Украіну, і з яе — да мяжы з Расіяй. Папрасіўшы захаваць яго ананімнасць, журналіст прызнаецца: на вайне можна давяраць толькі таму, што бачыў на ўласныя вочы. Бо, мякка кажучы, перабольшваюць і тыя, і другія. На ўласныя ж вочы ён бачыў, як ва Украіну ішлі, бразгаючы бартамі, амаль пустыя грузавікі, запоўненыя, па яго словах, добра калі на 5%. А ў Расію яны ішлі ўвогуле пустымі — нават з адчыненымі бартамі.



Журналіст таксама не бярэцца разважаць на тэму, што за груз канвой прывёз. Маўляў, разгружалі іх у закрытых памяшканнях, а каб нешта некаму з мясцовага насельніцтва Луганска з таго грузу раздавалі — не бачыў.

Фота: з архіва Аляксандра Пасхавера і Аляксея Арастовіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі