"Гаванскі сіндром" можа быць звязаны з дзеяннямі ГРУ Расіі

"Гаванскі сіндром"

"Гаванскі сіндром" / theins.ru

"Гаванскі сіндром" можа быць звязаны з дзеяннямі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Расіі. Пра гэта сведчыць расследаванне міжнароднай групы журналістаў — The Insider, CBS і Spiegel. Яны сцвярджаюць, што ім удалося прасачыць сувязь паміж перамяшчэннямі агентаў ГРУ Расіі (в/ч 29155) і выпадкамі так званага "гаванскага сіндрому", калі супрацоўнікі амерыканскіх структур бяспекі і дыпламатычных місій скардзіліся на недамаганне з дзіўнымі сімптомамі.

Дзве ахвяры "гаванскага сіндрому" пазналі на фотаздымках людзей, якіх аўтары расследавання назвалі супрацоўнікамі ГРУ РФ. Апошнія знаходзіліся менавіта ў тых месцах і ў той час, калі ў пацярпелых амерыканцаў пачаліся гукі ў галаве, галавакружэнне, страта арыентацыі і іншыя сімптомы. У такіх аперацыях маглі ўдзельнічаць Аляксандр Мішкін і Дзяніс Сяргееў — супрацоўнікі ГРУ, якіх брытанскія ўлады падазраюць у датычнасці да атручвання ў Солсберы "навічком" былога расійскага выведніка Сяргея Скрыпаля (але пазналі не іх). Таксама высветлілася, што звязаная з ГРУ Ваенна-медыцынская акадэмія вывучала клінічныя эфекты, выкліканыя "гаванскім сіндромам", а адзін з ключавых удзельнікаў групы ГРУ атрымаў дзяржаўны заказ на распрацоўку акустычнай зброі.

Пра "гаванскі сіндром" стала вядома ў 2016 годзе. Менавіта тады амерыканскія дыпламаты і супрацоўнікі спецслужбаў, якія працавалі ў розных краінах (у тым ліку і на Кубе), пачалі скардзіцца на недамаганне. Было падазрэнне, што гэта выклікана нейкімі варожымі дзеяннямі (напрыклад, Расіі ці КНР). Аднак у сакавіку 2023-га спецслужбы ЗША палічылі "вельмі малаверагодным", што загадкавыя захворванні амерыканскіх дыпламатаў звязаныя з дзеяннямі варожых сіл. Аўтары апублікаванага расследавання выказваюць надзею на тое, што цяпер ва ўладаў ЗША з'явіцца новая інфармацыя, якая дазволіць памяняць такія довады.

Аўтары расследавання задаюцца пытаннем, навошта Расіі маглі спатрэбіцца такія атакі? Дыпламаты кажуць, што гэтая стратэгія прывяла да таго, што многія супрацоўнікі не хочуць працаваць па расійскім напрамку. Яны баяцца, што могуць стаць інвалідамі і пры гэтым нават не атрымаць належнай дапамогі. Вядома, што многія з пацярпелых сутыкаліся з сітуацыяй, калі іх скаргі спісвалі на псіхічнае расстройства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі