"Тэатр перажывання" вывярнуў "Навальніцу" Астроўскага навыварат

24 кастрычніка, у межах IV Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва "Панарама", Магнітагорскі драматычны тэатр імя А.С.Пушкіна прадставіў спектакль "Навальніца" па п'есе Аляксандра Астроўскага. Спектаклі Льва Эрэнбурга славяцца сваім натуралізмам, прынцыпамі "тэатра перажывання". Калі акцёры б'юцца, то да крыві, калі сумуюць, то да істэрыкі.

Не думаем, што многія з тых, хто сядзеў ў зале да пачатку спектакля мелі ўяўленне пра тое, што падрыхтавалі для нас госці з Уралу. Але варта адзначыць, што спектакль магнітагорцаў годны ўвагі. Так у 2008 годзе ён стаў лаўрэатам самай прэстыжнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска" адразу ў трох намінацыях: "Лепшы спектакль малой формы", "Лепшая рэжысура" і "Лепшая праца мастака".



Нечаканая трактоўка класічнай рускай п'есы рэжысёрам Львом Эрэнбургам выклікала тады немалыя спрэчкі і хваляванні ў тэатральным асяроддзі. У Мінску гэтая сітуацыя паўтарылася, як, мабыць, паўтараецца яна і ва ўсіх гарадах, куды прывозяць гэты "нязвыклы" варыянт такой "звыклай" для нас п'есы.





Глядзець "Навальніцу" Еўрарадыё зноў адправілася з мастацтвазнаўцай Лізай Міхальчук.



Л.М.: "Тым, хто знаёмы з творчасцю Льва Эрэнбурга, рэжысёра, які стала працуе ў Санкт-Пецярбургу і мае там ўласны тэатр пад сціплай назвай "НеБДТ" (Невялікі драматычны тэатр Льва Эрэнбурга), яго пастаноўка "Навальніцы" наўрад ці здалася б такой ўжо шакуючай. Яго "дзёрзкая манера" трактоўкі класічнай рускай драматургіі як нельга лепей праявілася ўжо ў спектаклях “НеБДТ”"На дне" Горкага і чэхаўскім "Іванове". Абедзве гэтыя пастаноўкі мне давялося ўбачыць на тэатральным фестывалі "Белая Вежа" у Брэсце. Так што я ведала, чаго чакаць ад "Навальніцы", і мае чаканні апраўдаліся...





На мой погляд, Эрэнбург — адзін з самых яскравых рускіх тэатральных рэжысёраў. Яго рэжысёрская пазіцыя настолькі моцная і бескампрамісная, што, кажучы пра любы яго спектакль, так ці іначай, кажаш менавіта пра рэжысёру. І гэта пры тым, што ўсе астатнія складнікі сцэнічнага дзейства — і акцёрская ігра, і сцэнаграфія — у яго спектаклях заўсёды аказваюцца на "гранічнай" вышыні. Аднак, усё гэта працуе менавіта на рэалізацыю рэжысёрскай задумы.





У Эрэнбурга сваё бачанне класічнай рускай драматургіі, сваё бачанне рускага наогул — рускай душы, рускага характару, рускага побыту. У п'есах, напісаных стагоддзе таму, ён бачыць не "заезджаныя" ісціны, якія набілі нам аскому ўжо са школьнай лавы : лекар па першай адукацыі, спрытным і бесстароннім скальпелем ён зразае пласт за пластом адзеравянелы сэнсавы нараст, і здабывае на паверхню само Жыццё.









Штосекундна і адначасова — трагічнае, камічнае, абсурднае, вытканае ўперамешку з нізкіх жаданняў і высокіх намераў, з грахоў і подзвігаў, кахання і нянавісці, кранальнай пяшчоты і сляпой жорсткасці, адчайнай чалавечай адвагі і бясконцай чалавечай слабасці...





У стройную сістэму класічнай п'есы ён уносіць бязладдзе жыцця, і галоўная гераіня "Навальніцы", Кацярына, у нас на вачах з абстрактнага "промня святла ў цёмным царстве" ператвараецца ў звычайную жанчыну, якая парыцца ў лазні, якая п'е гарэлку, весела рагоча і горача жадае сапраўднага мужчыну, а не цюхлю-мужа, які не можа і кроку ступіць без дазволу сваёй мамашы.





Адным словам, Эрэнбург выварочвае Астроўскага навыварат. Натуралізм, як прыём, ужо досыць шырока выкарыстоўваецца ў тэатры пры працы з сучаснай драматургіяй, а вось з класікай у нас усё яшчэ заведзена абыходзіцца асцярожна — яна па азначэнні "узвышаная" і існуе выключна ў сферы духоўнага. 



Верагодна, менавіта таму спектаклі Эрэнбурга выклікаюць хвалю абурэння ў яе прыхільнікаў: "Як можна так спаскудзіць цудоўную п'есу?" — здзіўляюцца яны. Чаму, замест таго, каб млява ўздыхаць, паважна шпацыруючы па сцэне, і ўдумліва дэкламаваць цудоўныя маналогі, акцёры здымаюць штаны, шчыпаюць адзін аднаго, рагочуць у неналежным месцы, б'юць камароў у самыя рамантычныя і самыя трагічныя моманты спектаклю? Чаму яны, то сікаюць на сцэне, то гарлапаняць, то ванітуюць, то заходзяцца ў эпілептычным прыпадку? Як гэта тычыцца Астроўскага? Непасрэдна — сцвярджае Эрэнбург. Таму што Астроўскі пісаў менавіта пра жывых людзей, а не пра "плоскіх" персанажаў. Таму што ён пісаў пра наша дурное Жыццё (нездарма гэтым эпітэтам так часта надзяляюць адзін аднаго героі спектакля).



І хай не ўсім прыемна прызнаваць, што наша жыццё — менавіта такое, якім яно паўстае ў спектаклі Эрэнбурга, але, на мой погляд, менавіта такой трактоўкі патрабуюць сёння "праграмныя" творы. хопіць падманваць і падманвацца — у тэатры павінна быць месца праўдзе жыцця і, якой бы горкай яна нам не падавалася, зірнуць ёй у вочы — наш прамы абавязак".




Гледачы пакідалі залу здзіўленыя і задаволеныя.

Маладая жанчына, са спадарожнікам, настаўніца: " Шчыра кажучы, я зусім не чакала такога... Таму што, ведаючы арыгінал, і ўбачыць такое на сцэне. Вы ведаеце, вельмі цікава. Калі б вучні мае прыйшлі і паглядзелі гэтую "Навальніцу", я думаю, яны б чыталі і чыталі яе — шукалі б, дзе ж тое месца, дзе ён яе. Вельмі арыгінальна, вельмі таленавіта, вельмі цікавыя дэкарацыі, ігра акцёраў — вышэйшы ўзровень. Я у поўным захапленні. Мне, здаецца, уся публіка таксама".

Жанчына сярэдняга веку ў акулярах: " Проста неверагодна, мне вельмі спадабалася. Я не думала, што гэта можа быць так. І смешна, і сумна адначасова, таму што ў нас зусім іншыя нейкія адчуванні са школьных гадоў ад гэтай п'есы".

Двое маладзёнаў: "Някепскі спектакль, вельмі вынаходлівы і вясёлы, ў першую чаргу. Ігра акцёраў — на ўзроўні. Ён менавіта вынаходлівы, там так выдатна ўсё прыдумалі з гэтымі качалкамі. Сам сюжэт, ён — такі, былі і лепшыя! Але спектакль добры, я задаволены, гэта было класна!"

Вядомы тэатральны крытык: "Спектакль гэты магутны, досыць значны. Гэта новая трактоўка класічнай рускай п'есы, трактоўка сучасная. Прычым рэжысёр выкарыстоўвае прынцыпы "тэатра перажывання", і акрамя фіналу мне тут усё амаль падабаецца. Ёсць дзве-тры добрыя акцёрскія працы, але самае галоўнае тут — рэжысёрскае бачанне. Таму што вельмі цяжка рускае выразіць: характар рускі звычайна максімалісцкі, калі яго паказваць у вытанчаным стылі, ён распадаецца, калі паказваць у грубым стылі, не цікава. А вось тут як раз нейкі баланс знойдзены".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі