“Тэатр on-line” – 2009: эксперыменты са смерцю, часам і псіхічным здароўем

Тых, хто, прабіраючыся праз шчыльны натоўп на ўваходзе, займаў месца перад галоўнай сцэнай Купалаўскага тэатру і разлічваў проста культурна адпачыць у выходны дзень магло чакаць расчараванне. Атмасфера падчас чацвёртай рэалізацыі праекту “Тэатр on-line” часам была даволі напружанай, публіка рэагавала неадназначна, паказваючы увесь спектр эмоцый, акцёры былі блізкія то да суіцыду, то да вар’яцтва, а час цягнуўся, як хацеў. “Тэатр on-line” — гэта эксперыментальны праект, які праходзіць у межах Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”. Сёлетні ўжо чацвёрты. Праходзіць пад назвай  “Хто Я?”.



Паводле афіцыйнай канцэпцыі, праект павінен “закласці падмурак тэатральнага мастацтва наступных дзесяцігоддзяў і выявіць маладых таленавітых творцаў у галіне драматургіі, рэжысуры, акцёрскага майстэрства”.

Акрамя таго, арганізатары разлічваюць, што “праект пасадзейнічае папулярызацыі тэатральнага мастацтва сярод моладзі”. Моладзь сапраўды у вялікай колькасці набілася у глядацкую залу, але значную частку гледачоў склалі “афіцыйныя людзі”, бо арганізатары фестывалю, усё ж, — Мінкультуры і Гарвыканкам.

Будзем спадзявацца, што ў іх атрымалася “адчуць агульную скіраванасць у пошуках найноўшых тэндэнцый беларускага тэатра” (што прадугледжвае ўсё тая ж канцэпцыя).

Што ж тычыцца моладзі, то добрая частка яе складалася з маладых акцёраў і рознай калятэатральнай і ў розных кірунках творчай публікі. Прычым усе гэтыя людзі трапілі ў будынак тэатру праз чорныя ходы, падземныя лазы і шчыліны ў вокнах, білетныя касы, зразумела, абмінуўшы.

Цудоўных аксамітавых крэслаў па гэтай прычыне ўсім не хапіла і таму ўсё было, як у вядомай дзіцячай гульні: спачатку ўсе весела мітусіліся па зале, а калі пагасла святло, шчасліўчыкі пазаймалі астатнія вольныя месцы. Тыя, каму не пашанцавала, расклаліся па падлозе і прыступках. Імпрэза пачалася...



Там жа, у праходах паміж крэсламі Еўрарадыё сустрэла удзельніцу гурта Разбітае Сэрца Пацана Юлію Шаўчук, яна ж маладая актрыса. Юля прызналася, што таксама трапіла на мерапрыемства праз нейкі дымаход і, што, ну проста ніяк не можа паглядзець на працу калег, як звычайны глядач, але такія масавыя мерапрыемствы вельмі любіць:

“Не, ну для мяне былі нейкія яскравыя моманты, некаторых калег я убачыла ў іншым святле... А так, гэта заўсёды прыемна, гэтыя сабранні калег, — млява дадае Юля. — І я не магу гэта ацэньваць як глядач. Напэўна, у цэлым гэта патрэбна і цікава. А фармат онлайна, я думаю, патрэбны толькі для таго, каб былі пастаноўкі цікавых п’ес. Пасля некаторыя сыходзяць як смецце, а некаторыя дапісваюцца. Сёлета смецця і таго, што можа мець будучыню было 50/50, я думаю”.

Варта патлумачыць, што праект дзейнічае па наступнай схеме: лёсаваннем вызначаюцца пары з рэжысёра і драматурга і за месяц да прэм’еры ім абвяшчаецца тэма. Яны знаёмяцца, сябруюць і ствараюць міні-спектакль на 15 хвілін (запомніце гэту лічбу, пазней яна стане цвіком у крэсле і каменьчыкам ў боце для многіх).


Але пачнем с пачатку. Першая пастаноўка называлася “Сегодня удивительный день”. Над ёй працавалі рэжысёр Кірыл Захараў і драматург Алена Вайцяхоўская. На сцэне з’яўляецца герой, які голіцца перад люстраным трумо перад тым, як застрэліцца. Што яго прымушае гэта зрабіць не ясна, але яму перашкаджае бабуля-суседка, якая патрабуе дапамагчы знайсці адказы на дурныя пытанні красвордаў.

Дапамаге ж герою трапіць на той свет інфернальная істота ў выглядзе клоўна (клоўна грае рэжысёр тэатра Кампанія Андрэй Саўчанка, а рэжысёр Кірыл Захараў — акцёр гэтага ж тэатра). На гэтай экскурсіі ў пекле герой сустракае сваю суседку, аматарку красвордаў, і іншых нябожчыкаў.

Суседка заяўляе, што “безвыходнасць прыдумалі гультаі” і клоўн вяртае яе гэты свет. Фінал п’есы нічога не тлумачыць і не вырашае: інфернальны клоўн, маленькая дзяўчынка і герой запускаюць у залу пластыкавыя пакеты ў якіх — бязважкасць, але пакідае адчуванне лёгкасці і святла.


Пад другім нумарам быў міні-спектакль рэжысёра Аляксандра Марчанкі і драматурга Дыяны Балыка “Жизньубога”. Спектакль распавядае пра камунальна і псіхалагічна невыгоднае сумеснае жыццё глузданутай пенсіянеркі Зінаіды Сцяпанаўны і яе дачкі з мужам.

За жыццём сваіх стварэнняў назірае Бог. Ён апрануты ў кальсоны і жвава дзеліцца ўражаннямі ад убачанага з гледачамі.

Тым часам былую настаўніцу спеваў Зінаіду Сцяпанаўну дзеці здаюць у дом састарэлых, а яна з дапамогай складаных інсенуацый, як аказваецца, усімі маніпулюе. Бог таксама аказваецца ахвярай хітрыкаў пенсіянеркі і адчувае сябе падманутым, бо не чакаў такога павароту сюжэта. Стрэльба, якая вісела на сцэне так і не стрэліла...

Драматург Дыяна Балыка ўдзельнічае ў праекце ў чацвёрты раз і лічыць такі фармат цікавым, а беларускія тэатры занадта непаваротлівымі для яго.

Дыяна Балыка: “На вялікай колькасці расійскіх конкурсаў ёсць такі фармат, таму для мяне ён не новы. Ён цікавы, проста наш непаваротлівы тэатральны рэпертуар і непаваротлівыя тэатры, яны непатрыятычныя і ўсімі рукамі і нагамі адпіхваюцца ад існавання беларускай драматургіі.

І, увогуле, драматург у паняцці рэпертуарнага тэатра — гэта істота мёртвая. І каб гэты міф існаваў трэба жывых драматургаў ў тэатр не пускаць. Але ёсць такія драматургі, з кіпцюрамі, якія хочуць туды прарывацца. І вось гэтае мерапрыемства пацвярджае існаванне драматургаў жывых.

Я не ведаю чаго чакалі гледачы, але галоўнай ідэяй тут было — данесці ідэю! Усё было пастаўлена вельмі мінімалістычна. Не было касцюмаў, дэкарацый, багатага музыкальнага афармлення. Усё святло выстаўлялася за гадзіну, не было ніводнага прагону на сцэне Купалаўскага тэатру. І ,увогуле, арганізацыя усіх чатырох праектаў on-line пакідае жадаць лепшага...”

Як на глядацкі густ, то хочацца не забыць пра "Диалог №1" драматурга Аляксандра Казела і рэжысёра Кацярыны Аверкавай і "Дожить до премьеры", дзе драматургам выступіў Мікалай Рудкоўскі, а рэжысёрам быў Павел Харланчук. Пасля таго, як грамадзянскія перакананні падкасілі акцёрскую кар’еру Паўла, ён проста перастаў існаваць (як акцёр) і ператварыўся ў “маладога перспектыўнага рэжысёра”, па уласным прызнанні. Такім чынам ён легалізаваўся. Цудоўны ход!

Увогуле, рэжысёрская праца Паўла Харланчука вельмі станоўча уразіла гледачоў і калег. Галоўная гераіня яго спектакля — актрыса, якая грае партызанку. Каб лепш сыграць партызанку, актрыса перастае быць актрысай і ператвараецца ў партызанку. Яна мяняе плацінавыя запанкі на хлеб і стаіць на балконе, паліўшыся вадой, каб адчуць пакуты.

 На сцэне бурлілі эмоцыі, гестапавец у строі садамазахіста біў плёткай стойкіх партызанак, а састарэлая прастытутка прызналася, што вельмі любіць свята Дзень Перамогі, седзячы ў акружэнні пустых шынялёў.




"Диалог №1" — той выпадак, калі рэжысёр упэўнена маніпулюе увагай гледача. Цяжка адарвацца ад псіхалагічнага дыялогу папулярнай пісьменніцы і яе пакаёўкі.

 Пакаёўка аказваецца адзіным блізкім чалавекам пісьменніцы пасля таго, як высвятляецца яе каханак, які пастаянна жыве, прымаючы душ, не існуе. Пакаёўка выключае ваду. І аказваецца, што ў душы нікога няма, а пісьменніца працягвае балансаваць на мяжы вар’яцтва і рэчаіснасці.


Яшчэ адзін міні-спектакль, з элементамі суіцыду — “Рулетка” (рэжысёр Кацярына Тарасава, драматург Таццяна Ламонава). У цэнтры сцэны — пятля, збоку нервова паліць дзяўчынка ў школьнай форме, якая збіраецца засіліцца.

 Тым часам вакол усплываюць розныя алегарычныя істоты — насельнікі змрочнай камуналкі. Повад засіліцца ёсць у кожнага з іх. Таксама гэты повад знаходзіць для сябе анёл Акакій.

Пастаноўка вельмі яскравая візуальна.


А зараз трэба вярнуцца да 15-ці хвілін. Не больш за 15 хвілін павінны цягнуцца гэтыя міні-спектаклі. Ну можа максімум 20. Гэтыя хвіліны справакавалі хвалю гістэрык, мітусню і расчараванні сярод публікі і персаналу тэатру.

Падчас антракту, калі на гадзінніку было ужо за 9, а мерапрыемства і не думала заканчвацца (20 хвілін магічным чынам расцягнуліся да 40), частка публікі пакінула тэатр, наракаючы на тое, што не змаглі даглядзець да канца, бо заўтра працоўны дзень.

Яшчэ адна глядацкая хваля сплыла падчас другой часткі мерапрыемства, выказваючы свае не самыя станоўчыя ўражанні ад гэта усяго, якое цягнецца ўжо 25-тую гадзіну. А апошнія, самыя стойкія гледачы збягалі ў ніз па прыступках да выхаду як Папялушкі, каб ускочыць у апошні вагон метро пакуль той не ператварыўся ў гарбуз.

“Гусляр”( рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк, драматург Ігар Скрыпка)

Гарбузы, дарэчы, таксама фігуравалі на сцэне Купалаўскага тым вечарам, але, калі мэты “Тэатру on-line” спраўдзяцца, то мы іх яшчэ убачым на лепшых сцэнах і пляцоўках нашай краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі