Таямнічае знікненне беларускага прэм’ер-міністра

Маўчанне прэм’р-міністра Андрэя Кабякова карыстальнікі сацсетак заўважаюць 12 ліпеня. “12. Столькі дзён нічога не чуваць пра прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова. Апошні раз кіраўнік урада з’яўляўся перад людзьмі 1 ліпеня, калі ўручаў дзяржаўныя ўзнагароды”, — піша вядомы блогер Віктар Малішэўскі.

Узнагароды 1 ліпеня Андрэй Кабякоў насамрэч уручаў. Ажно 120 чалавекам. “Не спыняйцеся на дасягнутым. Наперадзе — вялікая праца. Стаўце і вырашайце самыя смелыя амбітныя задачы. Урад будзе ўдзячны вам за новыя і карысныя ініцыятывы, падтрымае самыя смелыя пачынанні”, — натхняе прэм’ер заслужаных людзей краіны. А сам… знікае на два тыдні. Наступнае афіцыйнае паведамленне аб мерапрыемстве з удзелам Кабякова на сайце Савета рэспублікі з’вяіцца толькі ў другой палове дня 14 ліпеня — Кабякоў сустрэнецца ў Мінску з ізраільскімі бізнесменамі.

“Не даехаў ён да нас, ведаеце. Планавалася, што прыедзе, але чамусьці не было. З “Белай Русі” былі людзі. Яшчэ міністр працы… Шчоткіна была. А гэтага чалавека, пра каго вы гаворыце, не было”, — расказваюць мне ў прыёмнай галоўнага урача Гарадскога клінічнага радзільнага дома №2. Тэлефаную туды, бо 5 ліпеня самае афіцыйнае агенцтва БелТА анансавала прыезд Андрэя Кабякова ў радзільню разам з кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна Барысам Васільевым. У выніку Васільеў даехаў, а прэм’ер — не.

Знікненне Андрэя Кабякова выглядае тым больш таямніча, што звычайна ён на публіцы паказваецца больш-менш рэгулярна. Той жа сайт Савета міністраў, напрыклад, за красавік мае 19 навінаў, у якіх узгадваецца Кабякоў, за травень — таксама 19. У чэрвені прэм’ер-міністр “маўчаў” ажно тыдзень — з 16 па 23 чысло, але агулам за месяц прозвішча Кабякова на афіцыйным урадавым сайце згадваецца ажно 20 разоў. У ліпені пакуль толькі двойчы. Маўчаў з 25 чэрвеня (калі паведаміў пра візіт Андрэя Кабякова на камбінат “Лідахлебапрадукт”) і афіцыйны Твітар-акаўнт прэс-сакратара урада Вольгі Доўгай.

Але ў Саўміне супакойваюць:

“Нічога не здарылася. Гэта не адпачынак, не хвароба. Кіраўнік урада працуе, нікуды не знікаў. Проста не ўсе мерапрыемствы прадугледжваюць публічнасць, асвятленне прэсай. Праца ідзе ў штатным рэжыме”, — паведамляюць у прэс-службе.

Застаецца паверыць. Тым больш, што пра сустрэчу з ізраільскімі бізнэсоўцаміі паведамілі і замежныя СМІ. Хаця, вельмі карціць даведацца, якімі такімі сакрэтнымі справамі два тыдні займаўся прэм’ер, што нават БелТА пра іх нічога не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі