Танцы — да 23:00: праз COVID-19 зноў абмяжоўваюць час работы ўстаноў

Лунінецкі рэстаран "Юна" / rest-yuna.ulcraft.com
Лунінецкі рэстаран "Юна" / rest-yuna.ulcraft.com

У красавіку 2020 года ўлады многіх раёнаў Беларусі ўвялі абмежаванні, звязаныя з COVID-19. Каранціну на ўзроўні краіны не было — але ў кожнай вобласці (і ў некаторых раёнах) дзейнічалі свае меры па барацьбе з каранавірусам.

Падобна, тая вясновая сітуацыя паўтараецца ў Беларусі восенню. У распараджэнні Еўрарадыё апынуліся дакументы, па якіх абмежаваны час работы ўстаноў у Лунінецкім раёне. У рашэнні Лунінецкага райвыканкама напісана: "Функцыянаванне дыскатэк, начных клубаў, забаўляльных устаноў пасля 23:00 гадзін адмяніць". Тэрмін выканання — "па меры неабходнасці з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі". Мы мяркуем, што падобныя абмежаванні ўводзяцца і ў іншых раёнах.
 

"Як правіла, дарослыя людзі каля 23 гадзін разыходзяцца"

Еўрарадыё датэлефанавалася да Лунінецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і пагутарыла з загадчыкам аддзела гігіены Ігарам Круглічам.

Танцы — до 23:00: из-за COVID-19 снова ограничивают время работы заведений


— Чаму да 23:00? Таму што гэта пазіцыя была яшчэ раней у красавіку ў рэкамендацыях Міністэрства аховы здароўя. Органы дзяржсаннагляду распрацоўвалі сумесна з зацікаўленымі асобамі гэты план мерапрыемстваў. Мы ініцыявалі работу такіх устаноў да 23:00. У рэкамендацыях канкрэтнага часу не пазначана, але органы выканаўчай улады вырашылі так, — тлумачыць ён.

Па словах гігіеніста, уладальнікі бараў і клубаў нязгодныя з такім рашэннем.

— У нас не так шмат устаноў грамадскага харчавання, якія гэтае рашэнне закранула. Так, яны пярэчылі. Але я хачу сказаць, што прадстаўнікі названых устаноў, напэўна, максімальна робяць захады, каб нічога не рабіць. Яны не хочуць выконваць кратнасць прыборкі: трэба прыходзіць нагадваць кожны раз. Вось як пры правядзенні дыскатэкі правесці дыстанцыяванне? Адзін з добрых варыянтаў быў прыпыніць [дзейнасць устаноў у позні час. — Еўрарадыё]. Хоць гэта і радыкальны метад, і мы не прыхільнікі такога падыходу.

Танцы — до 23:00: из-за COVID-19 снова ограничивают время работы заведений
Рэстаран "Юна", Лунінец / rest-yuna.ulcraft.com

Чыноўнік лічыць, што танцы неабавязкова ладзіць да поўначы.

— А чаму не правесці да 23:00? Як правіла, дарослыя людзі каля 23 гадзін разыходзяцца. Рашэнне райвыканкама абавязковае для выканання, — працягвае Кругліч. — Але паколькі мы ўбачылі, што ў рэкамендацыях Міністэрства аховы здароўя [канкрэтны] час [работы ўстаноў] не пазначаны, было прынята кансалідаванае рашэнне для таго, каб гэтую пазіцыю скарэктаваць па часе. У тым ліку з улікам меркавання прадстаўнікоў аб'ектаў грамадскага харчавання, уладальнікаў і ўласнікаў.
 

"Другую ўспышку каранавіруса мы ўжо не перажывём"

— Калі быў каранавірус, красавік — травень — чэрвень, у нас быў графік працы да 23:00. Супрацоўнікі проста выседжвалі гадзінны, каб можна было налічыць заробак. Перажылі гэты перыяд ледзь-ледзь. Страцілі некаторых работнікаў, таму што не маглі забяспечыць ім годны заробак. Думаю, што другую ўспышку каранавіруса мы ўжо не перажывём. Пачынаецца ацяпляльны сезон, летніх тэрас ужо няма, студэнты раз'ехаліся, — расказвае Еўрарадыё Вера, уладальніца рэстарана "Юна" — адзінай прыватнай установы ў Лунінцы, якая працуе дапазна.

Вера кажа, што ў райвыканкаме яе аргументы пачулі. Хутчэй за ўсё, днямі ўстанова вернецца да работы ў звычайным рэжыме — да трох гадзін ночы.

— У мяне цэлы кастрычнік — вяселлі, — працягвае Вера. — Цяпер рашэнне хочуць адмяніць. Афіцыйнай пастановы няма, але я хадзіла ў райвыканкам, гутарыла з кіраўніком асабіста. Сказалі, што рашэнне будзе перагледжана.

Прыватная ўстанова, якая працуе дапазна, засталася адна — гэта мы. У раёне адкрылі дыскатэку, але гэта ўстанова летняга тыпу, не ведаю, ці захочуць яны працаваць восенню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі