Тамара Сідарэнка: “Важна, каб людзі звярталіся са скаргамі як мага хутчэй”

17 сакавіка падчас затрымання былі моцна збітыя два маладзёны ў Дзяржынску, 30 сакавіка ў сталічным універсаме “Радзівілаўскі” затрыманне міліцыяй двух грамадзян за спробу дробнага крадзяжу скончылася шпіталізацыяй.

Ці можна прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці за перавышэнне паўнамоцтваў?

Тамара Сідарэнка: Такі закон існуе. Калі ёсць закон, значыць, існуе і надзея, што такі закон можа працаваць. І, ацэньваючы сваю адвакацкую практыку, скажу, што такія выпадкі былі. Але ведаю і іншыя выпадкі, калі было відавочна, што супрацоўнікі міліцыі свае паўнамоцтвы перавысілі, але дамагчыся праўды ў пацярпелых не атрымоўвалася.

Ці магчыма дамагчыся вызвалення асуджанага, калі яго асудзілі толькі паводле сведчанняў міліцыянтаў? Ці калі чалавек сябе агаварыў падчас следчых дзеянняў?

Тамара Сідарэнка: Калі такія дадзеныя будуць высветленыя судом, то суд не зможа вынесці абвінаваўчы прысуд. Пры ўмове, калі гэта сапраўднае правасуддзе і суд дзейнічае ў адпаведнасці з законам. Любы чалавек можа быць прызнаны вінаватым, калі ёсць сукупнасць доказаў. Калі ўстаноўлена, што чалавек сам сябе агаварыў і іншых аб’ектыўных доказаў не існуе, ці тлумачэнні супрацоўнікаў міліцыі ў нейкай ступені супярэчлівыя, наяўнасць нейкіх іншых абставін, дазваляюць сумнявацца ў вінаватасці падсуднага, то суд не можа вынесці абвінаваўчы прысуд. Тэорыя правільная і справядлівая, на жаль, на практыцы так не заўсёды адбываецца.

Калі мы кажам пра доказы, якія доказы могуць сведчаць пра невінаватасць?

Тамара Сідарэнка: У першую чаргу, гэта наяўнасць сведак правапарушэнняў, што дазваляе суду зрабіць аналіз сведчанняў відавочцаў. Таксама аналіз паказанняў, заключэння медэкспертызы: калі прычыняліся цялесныя пашкоджанні, калі выклікалася хуткая дапамога. Не трэба забываць, што ў дзяжурнай частцы, у міліцэйскім пастарунку вядзецца відэаназіранне, гэтыя матэрыялы таксама прыкладаюцца да справы.

Куды грамадзянам трэба звяртацца са скаргамі, калі міліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы?

Тамара Сідарэнка: Звяртацца трэба ў Следчы камітэт, ці ў пракуратуру. Важна, каб людзі звярнуліся са скаргамі як мага хутчэй, і каб яны не баяліся. Бо ў сваёй практыцы я часта сутыкалася з тым, што людзі баяцца, каб не стала горш. Трэба, каб людзі думалі і пра сябе, і пра тых, хто можа апынуцца ў падобнай сітуацыі. Калі кожны прамаўчыць, і не давядзе да канца справу, то такое перавышэнне паўнамоцтваў з боку міліцыі не спыніцца. З такой беспакаранасцю міліцыі я часта сутыкалася ў сваёй практыцы: ў выніку разбіральніцтва аказвалася, што не дастаткова дадзеных, каб палічыць іх вінаватымі. Часам беспакаранасць міліцыі прыводзіць да таго, што яны лічыць дапушчальнымі тыя метады, якія законамі ім не дазволеныя.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі