Тамара Мацкевіч: “Ліквідацыя профільных класаў – дыверсія супраць школы”

З наступнага навучальнага года беларускія школьнікі будуць вучыцца ізноў 11 гадоў. Згодна з чарговай школьнай рэформай таксама ліквідуюцца профільныя і ліцэйскія класы. Дэпутат Уладзімір Здановіч лічыць, што не ўсіх школьнікаў трэба арыентаваць на ВНУ, у ліцэях чакаюць павелічэння колькасці абітурыентаў, а “Таварыства беларускай школы” чакае стварэння новых адукацыйных асяродкаў. Старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч лічыць, што далёка не ўсе школьнікі павінны атрымліваць вышэйшую адукацыю. Бо, на думку чыноўніка, хоць вучоба ў ВНУ і стала масавай, аднак далёка не самай якаснай:

“Трэба паступова пераходзіць да таго, каб у нас была агульная сярэдняя адукацыя для ўсіх. Потым невялікі прамежак часу для тых, хто збіраецца паступаць у ВНУ. І трэба таксама неяк рэгуляваць адукацыйныя працэсы, каб не ўсе пагалоўна атрымлівалі вышэйшую адукацыю. Таму што хоць яна і стала ў Беларусі масавай, яна не стала якаснай. Вось у гэтым праблема”.

Уладзімір Здановіч лічыць, што ўсе школьнікі павінны вучыцца па адной сістэме. А вось потым ужо, каму трэба, давучвацца да неабходнага для паступлення ў ВНУ ўзроўню. Тамара Мацкевіч, прадстаўнік кіраўніцтва грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай школы", адмену профільнага навучання называе “дыверсіяй супраць школы”:


“Ёсць магчымасць, што будуць стварацца альтэрнатыўныя адукацыйныя асяродкі па тыпу “коласаўскага” ліцэя. Тое, што знішчаюцца не толькі ліцэйскія класы, але і профільнае навучанне, – гэта адназначна дыверсія супраць школы. Немагчыма ведаць усё ці нічога. І вось паміж “усё” і “нічога” нашы ўлады выбралі нічога”.

У вілейскай сярэдняй школе № 3, дзе былі ліцэйскія класы, вырашылі праблему ліквідацыі профільнага навучання вельмі проста: для гэтых класаў будуць уведзеныя факультатывы з профільнымі прадметамі:

“На бацькоўскім сходзе мы расказалі бацькам, што ў дзяцей будзе магчымасць працягваць паглыбленае вывучэнне прадметаў праз дадатковыя заняткі: факультатывы ці спецкурсы”, расказаў Еўрарадыё Мікалай Гіро, дырэктар вілейскай сярэдняй школы № 3.

Яшчэ адно выйсце з сітуацыі для школьнікаў, якія жадаюць паступіць у ВНУ пасля школы, - гэта пайсці вучыцца ў ліцэі і гімназіі. Аднак тут паўстае іншая праблема: конкурс падчас паступлення. Як расказала Еўрарадыё Алена Андрэева, намесніца дырэктара Ліцэя Белдзяржуніверсітэта, пасля скасавання ліцэйскіх класаў адназначна павялічыцца прахадны бал для паступлення ў ліцэй. Таму і рыхтавацца школьнікам давядзецца ўдвая больш:

“Безумоўна, конкурсы павялічацца. У нас, у ліцэя, яны і так былі нерэальнымі, а зараз, пасля гэтай рэформы, мы наогул з жахам пра гэта думаем. На маю думку, усе будуць спрабаваць свае шанцы: паступіць ці не – невядома, а спрабаваць будуць дакладна. Добрую адукацыю ўсе жадаюць атрымаць – гэта факт”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі