Сёння абвесцяць прысуд па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін / Reuters​
Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін / Reuters​

Прысуд па справе журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна абвесцяць у аўторак, 2 сакавіка, у 16.00.

Працэс праходзіў за зачыненымі дзвярыма, на гэтым настойваў бок абвінавачвання. Але абвяшчэнне прысуду абяцаюць зрабіць публічным — "на яго змогуць прыйсці родныя, калегі і сябры Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна", паведамляе TUT.BY.

Журналістку і медыка абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 178 — "Разгалашэнне медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы". Падставай для крымінальнай справы стаў артыкул Кацярыны Барысевіч, які яна напісала са спасылкай на медыцынскія дакументы і словы лекара. У матэрыяле гаварылася, што на момант паступлення ў бальніцу Раман Бандарэнка быў цвярозы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы сцвярджалі адваротнае.

Падчас працэсу, які пачаўся 18 лютага, былі дапытаныя ў тым ліку лекары мінскай БХМД і калегі Кацярыны Барысевіч, а таксама маці Рамана Бандарэнкі Алена і яго стрыечная сястра Вольга Кучарэнка. Да таго як зайсці ў будынак суда і даць падпіску аб невыдаванні, Вольга расказала журналістам, што Алена Бандарэнка ўпаўнаважыла яе на зносіны з прэсай і дала згоду на распаўсюд дадзеных пра стан Рамана. Вольга Кучарэнка таксама заявіла, што матэрыял пра "0 праміле" быў узгоднены з сям'ёй.

Калі Кацярына Барысевіч і Арцёма Сарокіна прызнаюць вінаватымі, ім можа пагражаць ад паўгода пазбаўлення волі да трох гадоў калоніі. Праваабаронцы прызналі Кацярыну і Арцёма палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі