Сёлета Расія не зможа адмовіцца ад беларускага сухога малака

Расія забараніла экспарт сваёй пшаніцы і звярнулася да Беларусі, каб нашая краіна падтрымала забарону. Але, на думку эксперта Еўрарадыё Сяргея Чалага, адсутнасць абмежаванняў дазволіць нам больш выгадна гандляваць ураджаем. А засуха, ад якой пакутуе Расія, паспрыяе пастаўкам туды беларускага малака. Сяргей Чалы: Перад тым, як разабрацца з акалічнасцямі забароны на экспарт пшаніцы з Расіі, зробім невялікую экскурсію па рынак зерневых. Там усё не так складана, але калі не зразумець, як і што, застануцца незразумелымі і матывы забароны.

Кошты на пшаніцу растуць, хаця мусілі б падаць

Еўрарадыё: Як так адбываецца, што ў разгар жніва, калі пшаніцы шмат, яна раптам пачынае расці ў кошце? Гэта ж абвяржэнне закону попыту і прапановы!

Сяргей Чалы: Насамрэч, рост коштаў на пшаніцу на сусветных рынках цягнецца ўжо каля двух месяцаў. За гэты час пшаніца ўзнялася прыкладна ў 1,5 раза. Проста заўжды і на фінансавых, і на таварных рынках максімальную ўвагу тэндэнцыі прыцягваюць ужо тады, калі доўжацца пэўны час.

Але сапраўды, якраз цяпер пшаніца мусіла б падаць у кошце, бо ідзе жніво, і ўжо з’яўляецца зерне з новага ўраджаю. Рэч тут у тым, што рынак пшаніцы ― гэта даўно ўжо не таварны рынак. Гэта рынак фінансавы, на якім можна спекуляваць. Гэта рынак ф’ючарсаў, на якім вялікая колькасць гульцоў, і гуляюць яны паводле графікаў, незалежна ад таго, што адбываецца з прапановай і з попытам.

Ф’ючарс ― дамова, паводле якой гандляр бярэ на сябе абавязкі перадаць тавар пакупніку, а пакупнік абавязваецца прыняць і аплаціць гэты тавар праз пэўны тэрмін, у будучыні. Такім чынам, ф’ючарсныя кантракты заключаюцца за пэўны час да ажыццяўлення здзелкі. Пры гэтым у іх пазначаецца кошт тавару на момант заключэння кантракту.

Еўрарадыё: То бок, кантракты на пастаўкі пшаніцы, якія адбываюцца сёння, заключаліся некалькі месяцаў таму, па нізкіх коштах, якія папярэднічалі неспадзяванаму росту?

Сяргей Чалы: Так. І гэтыя кантракты заключаліся з разлікам на тое, што ўлетку кошт на пшаніцу лагічна працягне падаць. Больш за тое: калі азірнуцца далей чым на два месяцы, мы пабачым, што з усіх сельскагаспадарчых тавараў зерневыя апошнія два гады былі самымі слабымі паводле коштавай кан’юнктуры, а з усіх зерневых самыя слабыя пазіцыі былі ў пшаніцы. Пік кошту на яе назіраўся ўвесну 2008 года, і з таго часу яна ўпала ў чатыры разы!








Таму сёлетні рост у 1,5 раза ― гэта ледзь заўважны рост са дна. І ён выкліканы найперш тэхнічнымі прычынамі: кошты не могуць бясконца падаць, недзе яны пасля доўгага падзення мусяць развярнуцца і пачаць расці.

Еўрарадыё: На кошты маглі паўплываць і трывожныя навіны пра пажары ў Расіі. Праз спёку сёлетні ўраджай пшаніцы там істотна скарачаецца...

Сяргей Чалы: І гэта яшчэ адна памылка, якую робяць недасведчаныя людзі. Яны прызвычаіліся думаць, што кошты на фінансавых рынках рэагуюць на навіны. А навіны пра збожжа апошнім часам сапраўды не вельмі аптымістычныя. 4 жніўня FAO ― арганізацыя па пытаннях харчавання і сельскай гаспадаркі ААН [Food and Agriculture Organization. ― Заўв. Еўрарадыё] панізіла прагноз па сёлетнім ураджаі пшаніцы з 676 мільёнаў тон да 651 мільёна. Прыкладна на 25 мільёнаў — а гэты і ёсць расійскія страты. Бо планавалася, што Расія збярэ больш за 90 мільёнаў тон, а цяпер прагназуецца толькі каля 70 мільёнаў. Аналагічная сітуацыя ва Ўкраіне, хаця гэта ў іх звязана хутчэй не з засухай, а з тым, што, калі пшаніцу сеялі, ішлі моцныя дажджы.

Але глядзіце: навіна гэтая з’явілася 4 жніўня, а рост коштаў на пшаніцу цягнецца амаль два месяцы. Тут сувязі паміж коштамі і навіной няма. Як яе няма і паміж коштамі і важнай навіной пра забарону на экспарт расійскай пшаніцы.

Хто церпіць, а хто атрымлівае, калі кошты на пшаніцу растуць

Сяргей Чалы: Найперш разбярэмся, чаму забарона ўзнікла менавіта цяпер. Расіяне аргументуюць яе неабходнасцю змякчыць ваганні кошту на ўнутраным рынку. Але для гэтага існуе нармальны і даўно вядомы інструмент ― рэзервовы фонд. Ідэя такая: некалькі гадоў дагэтуль аб’ёмы вытворчасці ў Расіі былі рэкордныя, і каб кошты не падалі, быў створаны фонд, у якім сёння сабрана крыху менш за 10 мільёнаў тон збожжа. Лагічна прадаваць яго менавіта сёння, калі кошты растуць. Гэта дазволіць таксама павялічыць прапанову і стабілізаваць кошты.

Але замест гэтага ўводзіцца забарона на экспарт.

Еўрарадыё: Чаму?

Сяргей Чалы:
Таму што на зерні “сядзіць” не адзін чалавек. Ёсць вытворцы, ёсць чыноўнікі і ёсць трэйдэры. Дык вось, якраз рашэнне па забароне лабіраваў Glencore ― галоўны пастаўшчык расійскага зерня на экспарт. Экспарцёры трапілі ў няпростую сітуацыю: яны мусяць выконваць ф’ючарсныя кантракты, што заключаліся па папярэдніх коштах. Увесну кошты былі па 150-160 долараў за тону. Але цяпер выраслі да $220-230, што выгадна вытворцам, але нясе зернетрэйдэрам сур’ёзныя выдаткі. А дзяржаўная забарона на экспарт ― гэта форс-мажор, які дапамагае трэйдэрам ці ўвогуле пазбавіцца абавязальніцтваў па кантрактах без штрафных санкцыяў, ці хоць адкласці іх выкананне да таго часу, калі кошты панізяцца.



Еўрарадыё: Так атрымліваецца, што абарона ўнутранага рынку ў Расіі ― зусім не галоўная прычына ўвядзення забароны на экспарт?

Сяргей Чалы: Гэтае рашэнне ― не пратэкцыянісцкае, а лабісцкае, прынятае ў інтарэсах канкрэтных трэйдэраў і супраць вытворцаў. Фактычна ― спекулянтаў на рынку зерня, якія “кормяць” чыноўнікаў, каб пазбавіцца фінансавых рызыкаў. Гаворка ідзе не пра абарону рынка, а пра забарону на выкананне канкрэтных фінансавых кантрактаў, якія немагчыма было выканаць без выдаткаў.

Падобная сітуацыя была ў Расіі ў 1998 годзе, калі адбыўся дэфолт. Там, акрамя невыканання дзяржаўных кароткатэрміновых абавязкаў, акрамя дэвальвацыі, была забарона на выкананне камерцыйнымі банкамі Расіі форвардных кантрактаў па замежнай валюце, якую прыняў Цэнтрабанк. Сітуацыя аналагічная: банкі гуляліся на тым, што рубель стабільны — а ён раптам упаў. Яны гэтыя рызыкі не страхавалі, і форсмажорнае рашэнне дзяржавы пазбавіла іх ад выдаткаў.

Гэта бачна яшчэ і таму, што, каб павялічыць прапанову на ўнутраным рынку, можна было б папросту ўвесці забарончую экспартную пошліну. Інакш кажучы ― зрабіць так, каб вывозіць пшаніцу з Расіі было нявыгадна. Але гаворка ідзе пра выкананне папярэдніх кантрактаў, для якіх такая пошліна не была б форс-мажорам.

Еўрарадыё: Колькі згубілі б на розніцы коштаў трэйдэры, каб не забарона? Пра якія лічбы ідзе гаворка?

Сяргей Чалы: Па старым коштам закантрактавана прыкладна 500 тысяч тон. Неафіцыйныя звесткі ― да 2 мільёнаў тон.

Еўрарадыё:
Па 70 долараў на кожнай тоне. Можна ўявіць...

Сяргей Чалы:
Тое, што стала б стратай трэйдэраў, было б выйгрышам вытворцаў. Зараз жа праз тое, што экспарт забаронены, у наварасійскім порце страшэнныя чэргі, бо зерне туды прывозілі нават без кантрактаў у разліку на тое, што, пакуль кошты вялікія, можна будзе хутка прадаць яго на месцы і вывезці. Натуральна, гэтае зерне мусіць апынуцца на ўнутраным рынку. І гэта саб’е кошты, што ізноў зробіць выкананне ф’ючарсных кантрактаў выгадным.

А цяпер паглядзім: расійскі бюджэт ад забароны на экспарт пшаніцы не атрымае нічога. Бо каб выйграць, мела б сэнс якраз зараз прадаваць зерне з рэзервовага фонду. Замест гэтага ўжо цяпер абвешчана, што будзе пастаўка пшаніцы ў Расію, прычым без аўкцыёна. Інакш кажучы, і тут будзе дзейнічаць карупцыйная схема.

Падтрымліваць расійскую забарону Беларусі няма ніякага сэнсу

Сяргей Чалы: Карацей, калі называць рэчы сваімі імёнамі: расійскія чыноўнікі ― на “заробку” у трэйдэраў, вытворцы ― на бюджэце. Калі б рэч была толькі ў змякчэнні ваганняў коштаў на ўнутраным рынку ― гэта б зрабілі зерневымі інтэрвенцыямі з рэзервовага фонду. І толькі пасля гэтага мела б сэнс разглядаць пытанне пра забарону на экспарт ці на ўвядзенне экспартнай пошліны. Бо ўнутраныя кошты сталі б ніжэйшымі за сусветныя. І, каб зарабіць на гэтай розніцы, зерне, якое паступала б з фонду, прадпрымальныя людзі маглі б перанакіраваць на экспарт.

Еўрарадыё: Зерне, якое прызначалася на продаж за межы Расіі, застаецца на ўнутраным расійскім рынку. А калі глядзець шырэй ― на рынку Мытнага саюза. Гэта добра ці дрэнна для нашай краіны?

Сяргей Чалы: Унутраны попыт Расіі на зерне складае 74-75 мільёнаў тон. Калі Расія збярэ сёлета каля 70 тон, ёй не тое, што экспартаваць ― імпартаваць зерне давядзецца! І вось тут для нас з’яўляюцца цікавыя магчымасці. Па-першае, у нас з’яўляюцца магчымасці кампенсаваць гэты недахоп зерня са свайго ўраджаю.

А па-другое, трэба паглядзець, на што ідзе зерне ў Расіі. Першае, што прыходзіць у галаву, ― гэта, натуральна, хлебная прамысловасць. Але ў сабекошце прадукцыі там толькі 25% прыпадае на зерне. Затое ў мяса-малочнай прамысловасці зерне ідзе на корм, і выдаткі на яго складаюць каля 40% ад кошту прадукцыі. У сітуацыі, калі фуражнага зерня няшмат ці яно задарагое ― у расійскіх гаспадарках каровы пойдуць пад нож. Узнікнуць праблемы з малочнай жывёлагадоўляй, з чаго вынікае, што ў нас з’явіцца магчымасць падвысіць пастаўкі таго ж сухога малака, якое Расія так не любіць у нас набываць, і фуражнага зерня, страты па якім у нас сёлета нашмат меншыя, чым у Расіі.

Еўрарадыё: Тыя, з кім у расійскіх трэйдэраў былі заключаныя кантракты, зараз панясуць страты, якія праз форс-мажор ім ніхто не кампенсуе?

Сяргей Чалы: Так. Падобная сітуацыя была з Аргенцінай, якая доўга заваёўвала рэпутацыю на рынку ялавічыны. Але на пэўны час Кіршнэр забараніла экспарт, і пасля Аргенціне давялося доўга аднаўляць свае пазіцыі.

Еўрарадыё: Але я ўсё ж не разумею, навошта Расіі рабіць так, каб экспарт свайго зерня забаранілі і Беларусь, і Казахстан?

Сяргей Чалы:
Па-першае, каб засцерагчыся рээкспарту праз Беларусь і Казахстан. А па-другое, каб прасцей было весці з намі перамовы. Калі мы падтрымаем расійскую забарону, у нас не будзе выбару, з кім гандляваць. Мы зможам пастаўляць пшаніцу хіба што ў Расію. А, як мы высветлілі раней, у Расіі пад уплывам забароны на экспарт і вяртання зерня на ўнутраны рынак кошты будуць падаць.

Але магчымасці, якія адкрываюцца на расійскім рынку ― не адзіныя! Асабліва цяпер, калі Расія, прыняўшы забарону, сур’ёзна страчвае пазіцыі на знешніх рынках. Такія форс-мажоры бясследна не праходзяць: губляецца рэпутацыя, напрыклад. І іншыя краіны гэтай сітуацыяй абавязкова скарыстаюцца. У такой сітуацыі лепш самім вырашаць, з кім гандляваць зернем, праўда?

Еўрарадыё: А з кім больш выгадна гандляваць: з Еўропай ці з Расіяй?

Сяргей Чалы:
Паўтаруся, у Расіі праз забарону на экспарт кошты ўпадуць адсоткаў на 20-25. Сусветныя кошты таксама ўпадуць, прычым гэта адбудзецца літаральна днямі! Таму калі і кантрактаваць беларускае зерне ― дык менавіта цяпер!

Мой 12- гадовы досвед працы на фінансавых рынках кажа, што менавіта ў той момант, калі навіны самыя дрэнныя і, здавалася б, кошты мусяць расці далей ― яны, наадварот, дасягаюць свайго піку і пачынаюць ісці на спад. Гэты спад адбудзецца на рынку пшаніцы цягам бліжэйшых дзён.

Але на ўсялякі выпадак хачу падстрахаваць сябе: мае словы не з’яўляюцца рэкамендацыяй да ажыццяўлення камерцыйных здзелак.


Уінстан Чэрчыль аднойчы сказаў: “Раней я думаў, што памру ад старасці. Але калі Расія, якая карміла хлебам усю Еўропу, пачала закупляць зерне, я зразумеў, што памру ад смеху”. У наш прагматычны час паміраць ад такіх навінаў ніхто не збіраецца. Новымі абставінамі ў выглядзе забароны на імпарт расійскай пшаніцы трэба карыстацца, не пагаршаючы свайго становішча неразважлівымі рашэннямі і атрымліваючы максімальную выгаду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі