Сын Джона Ленана Джуліан выдае свой шосты сольнік

Музыка Джуліан Ленан, старэйшы сын Джона Ленана, падрыхтаваў да выхаду новы сольны альбом. Пласцінка пад назвай "Everything Changes" убачыць свет вясной 2010-га года на ўласным лэйбле Ленана theRevolution. Праца стане шостай ў дыскаграфіі артыста і яго першым запісам за апошнія 12 гадоў.

Аднак да афіцыйнага рэлізу 15-га снежня 2009-га года музыкам будзе выпушчаны міні-альбом з чатырох песень, куды ўвойдзе кампазіцыя "Lucy", прысвечаная памяці сяброўкі дзяцінства Джуліана Люсі О'Донэл. Некалі Джуліан намаляваў партрэт Люсі, які натхніў Джона Ленана ў 1967 годзе на напісанне знакамітай бітлоўскай песні "Lucy in the Sky with Diamonds". Сама ж Люсі памерла ад ваўчанкі ва ўзросце 46 гадоў у верасні 2009-га.

Па словах Джуліана, песня была запісаная ім у дуэце са спеваком Джэймсам Скотам Кукам і першапачаткова была прысвечаная яго бабулі. Аднак, калі Джуліан даведаўся пра смерць Люсі О'Донэл, то неадкладна перапісаў словы ў кампазіцыі.

На міні-альбом таксама патрапяць акустычная версія "Lucy", песня Кука "Sober" і кампазіцыя Джуліана "Beautiful". Прыбыткі ад продажў кружэлкі будуць часткова перададзеныя двум некамерцыйным дабрачынным арганізацыям у ЗША і Вялікабрытаніі, якія займаюцца лячэннем ваўчанкі.

Фота: img.beatles.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі