Вы тут

Сяргей Ціханоўскі можа правесці ў турме 15 гадоў

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё​

Сяргей Ціханоўскі чакае, што суд прысудзіць яму да 15 гадоў пазбаўлення волі як "верхаводу банды". Пра гэта палітык піша ў сваім лісце, копію якога мае БелаПАН.

"Мае злачынствы жудасныя, я злачынна-сумленны, злачынна спачуваў людзям, злачынна-добры. Мае дзеянні справакавалі іншых "бандытаў", што выклікала сотні крымінальных спраў і дзясяткі тысяч адміністрацыйных", — піша Ціханоўскі ў лісце ад 10 кастрычніка.

Палітвязень паведамляе, што сваімі дзеяннямі ён нанёс шкоду на 3,6 мільёна рублёў. Ціханоўскі дадае, што падчас судовага пасяджэння яму не былі прад'яўленыя 900 тысяч долараў, знойдзеныя ў доме ягонай маці. На думку палітыка, гэтыя грошы "проста забяруць у залік шкоды".

У лісце Ціханоўскі таксама задае рытарычнае пытанне аб тым, дзе ён быў роўна год таму, 10 кастрычніка. Магчыма, тут маецца на ўвазе сустрэча ў гэты дзень палітвязняў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

У канцы кастрычніка ў Гомелі чакаецца вынясенне прысуду блогерам Сяргею Ціханоўскаму, Уладзіміру Цыгановічу, Ігару Лосіку, аператару Арцёму Сакаву, мадэратару сацсетак Дзмітрыю Папову, палітыку Мікалаю Статкевічу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.