Сярэдзіч заклікае да "нацыянальнага прымірэння", каб захаваць незалежнасць РБ
![Іосіф Сярэдзіч / mspring.media](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/360c1574bb829684bc28bbda11b0ba46.jpg.webp?itok=ItQ3KYXs)
Іосіф Сярэдзіч / mspring.media
Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч выступіў з адкрытым лістом пад назвай "Без нацыянальнага прымірэння не захаваць Незалежнасць Беларусі!". "Толькі сляпыя не бачаць, як нашу святую зямлю топчуць чобаты чужых салдат, — піша ён. — Толькі глухія не чуюць, як надрыўна равуць пры ўзлёце з нашых аэрадромаў звышгукавыя ваенныя самалёты з чужымі апазнавальнымі знакамі. Вайна літаральна грукае ў нашы дзверы…".
Вытокі гэтых "жудасных рэалій" Сярэдзіч бачыць у падзеях 2020-га. На мірныя пратэсты рэжым адказаў "гвалтам і рэпрэсіямі, якіх Беларусь не ведала з далёкіх трыццатых гадоў мінулага стагоддзя". І "рэпрэсіўны махавік... не спыняецца", а “паляванне на ведзьмаў” набывае самую жудасную афарбоўку".
Што прапануе ў такой сітуацыі Іосіф Сярэдзіч? "Без згуртаванасці ўсіх-усіх — і правых, і левых, і кансерватараў і лібералаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў — не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі", — піша галоўны рэдактар "Народнай волі". Ён заклікае "тэрмінова спыніць гвалт і катаванні ў адносінах да людзей, якія воляй лёсу апынуліся “па другі бок барыкад”, адмовіцца ад запраграміраванасці на помсту і нянавісць да тых, чые погляды разыходзяцца з “адзіна правільнымі”.
Сярэдзіч спадзяецца, што яго адкрыты ліст "знойдзе водгук як у адпаведных уладных структурах, так і апазіцыйных". Ён верыць, што магчыма "пачаць сур'ёзныя перамовы" паміж уладай і апазіцыяй. А далей "нашай краіне неабходна як мага хутчэй вырвацца з ціскоў усходняга суседа, прарваць блакаду з боку Захада і выйсці на сусветны рынак і такім чынам уратаваць заўтрашні дзень эканомікі, без чаго нават нельга марыць пра нармальны дабрабыт людзей".
![Сярэдзіч заклікае да "нацыянальнага прымірэння", каб захаваць незалежнасць РБ](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/33_22.jpg.webp?itok=bGMjpHZE)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.