Сярэдні заробак у Беларусі вырас на 50 рублёў

Грошы, ілюстрацыйнае фота

Грошы, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Сярэдні заробак у Беларусі перавысіў 3 тысячы рублёў. Паводле Белстата, сярэдняя заработная плата за травень 2026 года (да выплаты падаткаў) склала 3003,5 рубля.

За месяц да таго яна складала 2952,9 рубля — гэта значыць, на 50,6 рубля менш.

Самы высокі сярэдні заробак традыцыйна зарэгістраваны ў Мінску. Тут ён склаў 3891 рубель. А менш за ўсё "ў сярэднім" атрымліваюць у Віцебскай (2578,5 рубля) і Магілёўскай (2551,8 рубля) абласцях.

У лідарах па сярэднім заробку — зноў айцішнікі. На мове статыстыкі яны называюцца "работнікамі сферы інфармацыі і сувязі". За травень яны атрымалі ў сярэднім 6076,9 рубля. Праўда, у параўнанні з красавіком іх заробак зменшыўся — тады ён складаў 6238,5 рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.