Сяброўка загінулага паэта: Ён тэлефанаваў за 20 хвілін да трагедыі, усміхаўся…

Сяброўка загінулага паэта: Ён тэлефанаваў за 20 хвілін да трагедыі, усміхаўся…

Дар’я Зялінская-Макаўчык не проста ведала загінулага Ігара Канановіча, а называе яго лепшым сябрам. Верагодна, яна апошняя ці адна з апошніх, з кім паэт размаўляў перад гібеллю.

“Як зараз памятаю, ён мне патэлефанаваў учора ў 15.39. Атрымліваецца, усё гэта адбылося літаральна праз 20 хвілін пасля размовы. Але калі чалавек збіраўся пайсці на самагубства, ці стаў бы ён тэлефанаваць і пытацца: “Ці ў сіле ўсё на сёння?” — узгадвае Дар’я.

Каля Палаца Рэспублікі ў Мінску чалавек загінуў, зваліўшыся з даху (фота)

Еўрарадыё: Пра што канкрэтна вы дамаўляліся?

Дар’я: Ён збіраўся да мяне пераехаць жыць, таму што ў яго сканчвалася арэнда пакоя ў Бараўлянах, а грошай ужо не было. Таму я прапанавала яму пакой у сваёй кватэры. І ён тэлефанаваў мне якраз, каб удакладніць, а якой гадзіне яму пераехаць з рэчамі. Таму я нічога не разумею. Навошта ён прыехаў у Мінск учора?!

Чалавек, які ўпаў з даху дома на Кастрычніцкай, аказаўся вядомым паэтам

Еўрарадыё: Калі меркаваць па старонках Канановіча ў сацсетках, ён быў у дэпрэсіўным настроі. З чым гэта звязана? Ці былі ў Ігара праблемы?

Дар’я: Праблемы ў яго былі, безумоўна. Эканамічная сітуацыя ў нашай краіне сёння такая, што працу чалавеку знайсці немагчыма амаль. І ён апошнім часам не мог знайсці працу. У вакансіях, якія яму апошнім часам трапляліся, былі то драконаўскія ўмовы, то махлярства. Прапаноўвалі падчас навучання працаваць за бясплатна, а потым яшчэ не вядома, ці возьмуць… Як творчы чалавек ён вельмі блізка да сэрца прымаў некаторыя праблемы. Не так даўно Ігар пісаў, што ў яго амаль  скончыліся грашовыя запасы. Таму я і прапанавала сваё жытло. Ён так узрадаваўся!

Еўрарадыё: Зараз шмат здагадак датычна гэтай трагедыі. Многія лічаць, што ў запісах Канановіча ў сацсетках ёсць намёкі на суіцыд…

Дар’я: Я вам так скажу. Мы з ім пастаянна падтрымлівалі стасункі, пастаянна размаўлялі. І ў размовах я не заўважала нічога суіцыдальнага. Ёсць сцвярджэнні псіхолагаў, што калі чалавек збіраецца пайсці на самагубства, то ён гэта моцна хавае. Але ўчора падчас гутаркі ён усміхаўся… Не магу рабіць ніякіх высноваў. Чакаю адкрытай інфармацыі ад Следчага камітэта. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі