Вы тут

Сябра КР збілі пры затрыманні, у яго заплечніку знайшлася “баявая рагатка”

Вадзім Дзмітронак / "Фэйсбук"

15 лістапада на вуліцы Шаўчэнкі ў Мінску затрымалі 43-гадовага архітэктара Вадзіма Дзмітронка. Наступнай раніцай у рэпартажы “Беларусь 1” Вадзіма паказалі моцна збітым. Дыктар за кадрам распавёў, што міліцыянты знашлі ў заплечніку мужчыны вайсковую дымавую шашку, самаробныя петарды, рагатку, жалезныя шарыкі да яе, самаробную дубінку і балаклаву.

— Адкуль гэта ўсё магло з’явіцца ў мужавым заплечніку, я не ўяўляю, — распавядае Еўрарадыё жонка затрыманага Вольга. — Дома я такога не бачыла. Вадзім сышоў каля 12:30, пасля я не ведала, дзе ён. Пра яго затрыманне даведалася праз інстаграм. 

Потым мне патэлефанавала дзяжурны адвакат з Цэнтральнага РУУС і сказала, што вылучанае хадайніцтва, каб яго забрала брыгада хуткай дапамогі, бо ён дрэнна сябе адчувае. 

Вольга сабралася ехаць у шпіталь, але каля 21:00 да яе прыйшлі 5 невядомых. Яны сказалі, што працуюць у Следчым камітэце.

— Зайшлі ў кватэру, распавялі, што гэта не вобшук, а агляд па артукуле 108 Працэсуальнага кодэкса. Паводзілі сябе паважліва, паўтаралі, што не зробяць нічога дрэннага ні мне, ні дзецям. Казалі, што шукаюць нейкія кактэйлі, нешта яшчэ. Але што можна знайсці ў кватэры, дзе жыве звычайная сям’я? Звярнулі ўвагу на гульнявыя рацыю і і манокль. Я распавяла ім, што раней муж гуляў у страйкбол, але 4 гады таму, калі мы чакалі другое дзіця, з гэтым хобі Вадзім развітаўся.  

У Вольгі і Вадзіма дзве дачкі: адной — тры гады, другой — дзесяць. Па словах жанчыны, госці былі пры поўнай амуніцыі, са зброяй. Яны вельмі напалохалі старэйшую дачку — пасля маці давялося даваць ёй лекі, каб тая супакоілася. 

Вадзім Дзмітронак / "Фэйсбук"

У шпіталь Вольга ўсё ж даехала. Яна кажа, што Вадзім адчувае сябе вельмі кепска:

— Ён амаль не размаўляе, не можа самастойна рухацца, у яго вельмі збітая галава, збіты твар. Нагамі перасоўваць нават не можа, яго на каталцы вазілі. Аставілі яго ў шпіталі, але пры ім паставілі міліцыянта.

Вольга не ведае, ці будзе ў яе магчымасць яшчэ раз сустрэцца з мужам у шпіталі. Ёй распавялі, што цяпер Вадзім лічыцца падазраваным па артыкуле 342 Крымінальнага Кодэксу — арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Жанчына вельмі разгубленая. Адвакату пакуль не даюць азнаёміцца з матэрыяламі справы.  

Вадзім Дзмітронак — архітэктар. У Мінску ўсталяваныя яго скульптуры. Ён мае некалькі бізнесаў. У траўні і чэрвені збіраў подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты, а пасля выбараў увайшоў у пашыраны склад Кардынацыйнай Рады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.