Сусветны банк выдаткуе Беларусі 150 мільёнаў долараў на развіццё энергетыкі

Сусветны банк мае намер рэалізаваць у Беларусі энергетычны праект, папярэдні кошт якога ацэньваецца ў 150 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміла спецыяліст па аперацыях СБ Алена Клочан.
Паводле яе слоў, рэалізацыя праекта ў сферы энергетыкі прадугледжана новай краінавай стратэгіяй банка па Беларусі на 2008—2011 гады, якая была зацверджана ў снежні мінулага года.

Цяпер сумесна са спецыялістамі Міністэрства энергетыкі, "Белэнерга", Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржсандарта абмяркоўваюцца мерапрыемствы для напаўнення гэтага праекта.

У межах яго рэалізацыі плануецца стварыць міні-ЦЭЦ на базе цеплавых кацельняў, правесці мадэрнізацыю ліній электраперадачы і садзейнічаць стварэнню ў Беларусі прыватных крыніц энергіі.

Апрача таго, паведаміла яна, у траўні чакаецца ўхваленне Саветам дырэктараў Сусветнага банка праекта мадэрнізацыі сістэм водазабеспячэння. Кошт праекта — 60 мільёнаў долараў. Цяпер ён узгадняецца ў беларускіх дзяржструктурах.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі