Супрацоўнік Жодзінскай турмы адседзеў трое сутак па месцы службы

Супрацоўнік Жодзінскай турмы адседзеў трое сутак па месцы службы

Падчас масавых затрыманняў у Жодзінскай турме апынуўся яе супрацоўнік Аляксандр Шабан. Падрабязнасцямі сваёй справы ён падзяліўся з журналістамі ex-press.by. 

Аляксандр — жодзінец, скончыў мясцовы дзяржаўны політэхнічны каледж. Калі прыйшоў час ісці ў войска, хлопец падпісаў кантракт на службу ў Жодзінскай турме. 

10 жніўня ён з сябрамі паехаў пагуляць у Мінску і выйсці на мірную акцыю пратэсту. Іх затрымалі ўжо 11 жніўня каля першай-другой гадзіны ночы. Хлопцы ехалі ў машыне каля станцыі метро "Пушкінская". 

"Я так разумею, усіх у тым раёне затрымлівалі. Усё адбылося за лічаныя секунды — не прадставіліся, не сказалі прычыну прыпынку. З машыны даставаў наогул не зразумела хто — нейкія людзі ў вайсковым, са зброяй", — расказвае Аляксандр.

Спярша іх вазілі ў аўтазаку, потым даставілі ў Партызанскі РУУС. Тое, што там адбывалася, хлопец называе катаваннямі. 

"Ляжалі на халоднай плітцы, пакуль складалі спіс затрыманых. Калі хтосьці задаваў пытанні, білі. далей ужо ў РУУС АМАП здзекаваўся. Калі ўжо завялі ўсіх у склеп, нас было чалавек 20, міліцыя прымушала сядзець на каленях да раніцы. Што можна адчуваць у такой сітуацыі? Проста гестапа, катаванні ў наш час. Білі ўсіх, а больш за ўсё тых, хто супраціўляўся", — згадвае ён.

11 жніўня затрыманых павезлі ў Жодзіна. У турме іх сустрэлі амапаўцы. Затрыманага Шабана зноў стукнулі дубінкай — за тое, што ішоў павольна. У той жа дзень у турме прайшоў суд. Паказанні сведкаў былі толькі на аркушы паперы, пратакол затрымання хлопцу не далі. Яму прысудзілі сем сутак арышту, але выпусцілі праз трое — 14 жніўня. 

Па словах Аляксандра, у турме затрыманых ахоўвалі міліцыянты і ставіліся па-чалавечы і ў адпаведнасці з законам. 

Шабан напісаў скаргу ў суд на незаконнае затрыманне. 

Праўда, з турмы яго звольнілі на наступны дзень пасля суда. Але пра гэта хлопец не вельмі бядуе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі