Вы тут

Сумленне важнейшае за пенсію: прапаршчык пайшоў з арміі пасля выбараў

Сумленныя прапаршчыкі бываюць? Бываюць! / Еўрарадыё

Аляксей Шаметавец — былы вайсковец в/ч 07147 Цэнтральнага каманднага пункта ВПС-ППА. Ён адзін з тых вайскоўцаў, якія не засталіся ўбаку ад палітычных падзей, што адбываюцца ў Беларусі. Гвалт з боку сілавікоў у жніўні — асноўная прычына, па якой Аляксей вырашыў завязаць са службай ва Узброеных Сілах.

— Я служыў на кантракце на пасадзе камандзіра аддзялення. Крыху пазней пайшоў на павышэнне, у званні прапаршчыка стаў тэхнікам аддзялення. Гэта быў мой канчатковы пункт службы, — расказвае Аляксей. — Я быў нязгодны з вынікамі выбараў і жорсткім абыходжаннем [сілавікоў. — Еўрарадыё]. Дзясятага жніўня, калі я ехаў дадому міма метро "Пушкінская" , я трапіў у самае пекла. Я бачыў на свае вочы, як там жасцілі тыя ж самыя афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты.

Разгон сілавікамі акцыі пратэсту 10 жніўня, Мінск / Еўрарадыё

— Калі я спытаў у сябе ў часці, чаму тыя сілавікі так сябе паводзілі, мне адказалі: "Гэта не вайсковыя людзі". Я кажу: "Пачакайце, гэта ж сілавыя структуры, такія ж, як і мы?" А мне адказваюць: "Не, гэта не так".

У рапарце я адкрыта пазначыў прычыну свайго звальнення: "Страціў давер да ўрада Рэспублікі Беларусь. Прычынай таму стала фальсіфікацыя выбараў, а таксама гвалт з боку сілавых структур".

Рапарт ад Аляксея на імя камандзіра вайсковай часці 07147 / "Інстаграм"

— Я напісаў рапарт, атэстацыйная камісія была супраць майго звальнення. Мяне гэтым раззлавалі, і я сказаў, што буду сыходзіць па-дрэннаму: буду прагульваць, і тады давядзецца звольніць па артыкуле. На наступны дзень мяне выклікаў камандзір часці. Ён прапанаваў падумаць да панядзелка. Але да панядзелка справа не дайшла: камандзіру патэлефанавалі ў пятніцу і сказалі мяне звольніць. Са спісаў часці мяне выключылі 27 жніўня.

Мой бацька быў "афганцам", але сыход з войска сям'я ўспрыняла нармальна. На выбарах я першапачаткова разглядаў дзве кандыдатуры — Бабарыкі і Цапкалы. Але потым давялося выбраць Ціханоўскую.

Аляксей Шаметавец не хавае, што пасля звальнення прымаў удзел у мірных мітынгах. Неяк раз ледзь не трапіў у аўтазак, але пашанцавала — адпусціў амапавец.

На думку Аляксея, армія не прымае ўдзелу ў палітычным жыцці краіны з адной прычыны: звальненне пагражае стратай устоянага жыцця і вайсковай пенсіі, якая маячыць на гарызонце.

— Ведаю вельмі шмат людзей з войска, якія нязгодныя. Але некаторыя падпалкоўнікі і маёры не могуць сысці, таму што ў іх да пенсійнага тэрміну засталося ўсяго некалькі гадоў. Ім шкада гэта ўсё кідаць, бо потым, магчыма, не зможаш вярнуцца. Таму проста спрабуюць сядзець, маўчаць.

Разам са мной пайшоў маёр з майго аддзела. Многія пасля нас спрабавалі сысці, але іх разварочвалі і не пускалі. Са мной абышліся добра: у мяне ніводнай вымовы за шэсць з паловай гадоў. Проста не ведалі, за што ўчапіцца. А з маёрам разыходзіліся дрэнна, крычалі ў яго бок "Ты здраднік народа!".

Аляксей Шаметавец / "Інстаграм"

— Тое, што было 9–11 жніўня, — гэта ненармальна. Паводле Канстытуцыі кожны чалавек мае права на голас, а 9–11 жніўня ні закона, ні Канстытуцыі ў Беларусі не было. Тое, што я назіраў, было для мяне шокам, — падсумоўвае Аляксей.

Перад тым як пайсці служыць, Аляксей скончыў Бярэзінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй па спецыяльнасці "Абслугоўванне электраабсталявання". Мае досвед працы электрыкам, спецыялістам па абслугоўванні вентыляцыйнага абсталявання, халадзільных установак, электраагрэгатаў. Цяпер ён актыўна шукае працу ў любой сферы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.