Вы тут

Суд па ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў прызначаны на 11 жніўня

Эмблема БАЖ

11 жніўня ў 11:00 у Вярхоўным судзе пачнецца разгляд пазову Міністэрства юстыцыі па ліквілацыі грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў". 

Як адзначае прэс-служба БАЖ, судовае паседжанне мусіць быць адкрытым. Разглядаць справу павінна суддзя Інэса Лазавікова.

Падставай для ліквідацыі называецца тое, што БАЖ не выправіла парушэнні, выяўленыя Мінюстам падчас праверкі, пачатай у чэрвені 2021 года. 

Кіраўніцтва журналісцкай арганізацыі адзначае, што чыноўнікі МІнюста пачалі праверку 9 чэрвеня, але паведамілі ў арганізацыю пра гэта толькі 21 чэрвеня. Іады ў БАЖ прышоў ліст, у якім ведамства прапаноўвала падаць для праверкі тысячы дакументаў. 

14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі правялі чарговы ператрус. Пасля яго офіс быў апячатаны. Супрацоўнікі БАЖ дагэтуль не могуць у яго трапіць. "Копіі пратаколаў ператрусу нам не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці нам не вядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі", — кажуць у БАЖ.

А 15 ліпеня БАЖ атрымала ад Мінюста пісьмовае папярэджанне. У ім гаварылася, быццам рэгіянальныя аддзяленні БАЖ у Гомелі і Маладзечне вядуць дзейнасць без юрыдычных адрасоў, хоць у арганізацыі запэўніваюць, што гэта не так. 

30 ліпеня ГА "БАЖ" атрымала дакументы з Вярхоўнага суда наконт прызначэння даты папярэдняга паседжання аб ліквідацыі арганізацыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з восені 1995 года. БАЖ аб'ядноўвае больш за 1300 работнікаў медыясферы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.