Суд над Мікалаем Дзядком быў часова адкладзены з-за паведамлення аб мініраванні

Суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком не пачаўся своечасова ў сераду з-за паведамленя аб мініраванні будынку суда, паведамляюць праваабаронцы.

У Мінскім гарадскім судзе працавалі сапёры, у будынак нікога не пускалі. Пазней сапёрныя аперацыі скончыліся — усіх запусцілі у будынак.

Суд мусіў пачацца 3 лістапада ў 10.00 пасля чатырох месяцаў перапынку. 6 ліпеня па справе Дзядка прызначылі судовую псіха-лінгвістычную экспертызу, якая праводзілася гэтыя месяцы.

32-гадовага анархіста і палітвязня Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе мінулага года на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы ў Асіповіцкім раёне. Мікалая абвінавачваюць у закліку да захопу ўлады, незаконных дзеянні з гаручымі рэчывамі, арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Праваабаронцы паведамлялі, што пасля затрымання актывіста катавалі: лупцавалі дубінкай, электрашокерам білі па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.