Стынг — чараўнік сімфанічнага горада (фота+відэа)

За некалькі гадзін, якія Стынг правёў у Беларусі, 13 тысяч людзей на свае вочы убачылі новую з’яву — сімфанічны горад. Simphonicity — новы эксперымент Стынга — шыкоўна адрэпетаваная праграма, у якой плацінавыя з пазалотай хіты выконваюць 50 чалавек, большасць з якіх — акадэмічныя музыкі, якія трымаюць у сваіх руках не гітары, а скрыпкі, віяланчэлі, флейты.

Магчыма, гэта не зусім тое, што ўсё жыццё марылі пабачыць беларусы — гэта ж не Police! Але гэта тое, з чым Стынг цяпер вандруе па свеце, канцэрт у Мінску — 48-ы і наперадзе яшчэ ўся Еўропа.



Дарэчы, назва “Simphonicity” відавочна адсылае на альбом Police "Synchronicity”, але мы вырашылі знайсці ў ёй іншы сэнс – “сімфанічны горад”. Тым больш, што сам Стынг гэта “дазволіў”, сказаўшы ў адным з інтэрв’ю, што ў назве “няма ніякага сэнсу”.

Што ж за Сімфанічны горад, які пабудаваў у нас Стынг?



Першыя хвіліны ў ім былі не вельмі ўтульныя, нават халодныя і ціхія:

— Спачатку мне было шкада, бо я падумала, Божа, столькі людзей на віяланчэлях, а нікога не чуваць!

— А мне напісалі, мы сядзім у сектары F, і ў нас адчуванне, што мы слухаем аўдыёкасету, — дзяліліся ўражаннямі калегі-журналісты пасля першых трох песень.





Публіка прыглядалася да Стынга, а Стынг да публікі — ён доўга прамацваў вачамі людзей, перш чым даць ім праспяваць радок з "Englishman In New York" са словамі "Будзь сабой" (Be yourself no matter what they say).

Але спявалі сціпла. На думку Піта Паўлава, якога Еўрарадыё сустрэла на канцэрце, гэта ўсё з-за моўнага бар’еру:

Піт Паўлаў:
"Ёсць моўны бар’ер, безумоўна. Беларусы не так добра ведаюць англійскую мову, як у Еўропе..."

Еўрарадыё: Як Стынг рускую?

Піт Паўлаў: Ну, Стынг вывучыў некалькі словаў. Яму ніхто не сказаў, што трэба казаць тут “дзякуй”, а не “спасибо”. (падчас канцэрта Стынг казаў яшчэ “Добрый вечер”, “Как дела? Хорошо?”, “На здоровье!” і “Эта песня о холодной войне”, кажучы пра песню “Russians” — удакл. Еўрарадыё).



Праблему “моўнага бар’еру” адзначылі і іншыя людзі – напрыклад, хлопец, які сядзеў у першым радзе на трыбуне:

— Спачатку Стынг сказаў: “The next song is "Shape Of My Heart", — і ніхто не зразумеў. А пачалі хлопаць, толькі калі пачулі матыў.

Тут атрымліваецца не рок-канцэрт, а нешта такое акадэмічнае, бо не было барабанаў, якія б “далі жару”. Але напрыканцы першага аддзялення “Next to you” добра так "запалілі", нават захацелася патанцаваць! Але трэба было сядзець, вунь тыя хлопцы (пакавае на ахову) хутка б пасадзілі!



Аркестр таксама “даваў джазу”. Асабліва дырыжор Стывен Меркурыё (Steven Mercurio):

— Аркестр уразіў!

— Не ведаю як аркестр, а дырыжор — выключны!

— Раскошны, грацыёзны, лятае, як матылёк.

Знайшліся і тыя, хто быў расчараваны, але спакойна, не Стынгам ці аркестрам, а ўсё той жа аховай у Мінск-Арэне:

“Не далі кветкі падарыць! Сказалі “не па правілах”. Я ўпершыню такое бачу. Сказалі, што ў Стынга спіна баліць... Але я ведаю, што Стынг не такі, а гэта ўсё нашы “правілы” — сказала Еўрарадыё фатограф Дыяна Шык.



У другім аддзяленні трохгадзіннага канцэрта ад хітоў няспынна па целе бегалі мурашы — песня пра вампіра, I’m mad about you, Fragile і ў фінале Desert Rose...



Піт Паўлаў:
“Я вельмі хваляваўся, што без іранца Стынг не будзе спяваць Desert Rose, але ён узяў, і сам выканаў усе “ла-лэ-ла-лэ”. Я ўражаны!”

Напрыканцы песні аркестр справакаваў усіх дастаць “кішэнныя ліхтары” — мабільнікі і фотакамеры. Праз некалькі акордаў 13-тысячная аўдыторыя пераўтварылася ў танцуючую зорную ростань. Усе ўсталі, побач нехта заплакаў, нехта затупаў нагамі, нехта закрычаў... Нехта здолеў сказаць у мікрафон Еўрарадыё некалькі слоў:

— Я не думаў, што калі-небудзь за жыццё пабачу Стынга...
 
— Шчыра, я крануты, нават забіты!

— Я асіпла, пакуль крычала ўвесь канцэрт.



Гэты былі апошнія секунды сімфанічнага горада. Пасля музыка сціхла і застаўся толькі голас чараўніка:

For then without rhyme or reason
The two birds did rise up to fly
And where the two birds were flying
I swear I saw you and I...
Спасибо, до свидания, Минск!



Абавязкова паслухайце гукавы файл да гэтага рэпартажу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі