Студэнтку затрымалі на акцыі ў Мінску. Ад Акрэсціна "выратавала" зламаная рука

Студэнткі БДМУ каля будынка ўніверсітэта / Рупар БДМУ
Студэнткі БДМУ каля будынка ўніверсітэта / Рупар БДМУ

26 кастрычніка многія беларускія студэнты вырашылі далучыцца да нацыянальнай забастоўкі. Хтосьці ладзіў акцыі ў сценах сваіх ВНУ, іншыя выходзілі пратэставаць на вуліцы Мінска. Частку студэнтаў затрымалі.

Адна з пратэстоўцаў, студэнтка БДМУ Маргарыта, расказала Еўрарадыё пра сваё затрыманне. Уцякаючы ад АМАПа дзяўчына ўпала і зламала руку. З РУУС яе павезлі ў БХМД.
 

"Людзі пачалі падаць адно на аднаго"

Раніцай Маргарыта з іншымі студэнтамі медуніверсітэта прыехала на плошчу Якуба Коласа. Хлопцы і дзяўчаты ўжо ведалі пра затрыманні і доўга не маглі вырашыць, куды ісці, але ўсё ж вырашылі выйсці з метро і пайшлі па праспекце Незалежнасці.

— Мы спачатку пайшлі ў бок цэнтра, але там былі бусы, таму павярнулі ў іншы бок. Проста ішлі. І потым рэзка людзі пачалі бегчы. Я ішла ў ліку першых, і калі людзі пачалі бегчы ў іншы бок, я апынулася сярод апошніх, — расказвае студэнтка.

Дзяўчына тлумачыць: усе пабеглі, убачыўшы "бусікі", якія пад'ехалі. Сама яна машыны не заўважыла.

— Я бягу, шмат людзей, стоўпатварэнне. Людзі пачалі падаць адно на аднаго. І я спатыкнулася на іншага чалавека, упала, у гэты момант зламала руку. Мяне падняў супрацоўнік АМАПа, і разам з яшчэ дзвюма дзеўкамі нас пасадзілі ў бус.
 

"Гэта не пазіцыя"

Ужо ў "бусіку" студэнтам пачалі задаваць пытанні. Маргарыта ўспамінае: пыталіся пра тое, навошта яны пратэстуюць, хто імі кіруе, у чым мэта.

— Калі мы пачалі адказваць, што выступаем супраць гвалту і гэта наша грамадзянская пазіцыя, нам пачалі казаць, што гэта не пазіцыя, што мы не павінны ахвяраваць сваім статусам дзеля гэтага ўсяго, таму што гэта бескарысна... У мяне быў плакат з сабой з цытатай Цыцэрона пра крах імперыі ["Чым бліжэй крах імперыі, тым больш вар'яцкія яе законы". — Еўрарадыё], і больш "нагон" [з боку сілавікоў. — Еўрарадыё] на мяне, таму што, як аказалася, дзве іншыя дзеўкі проста ішлі з пар.

Потым іх перавялі ў аўтазак. Забралі тэлефоны, агледзелі сумкі, некалькі разоў ударылі па спіне і галаве, расказвае Маргарыта, — каб сядзелі і глядзелі ў падлогу. Пазней дзяўчат перасадзілі на сядзенні, а хлопцаў пакінулі ў задняй частцы аўтазака.

— Над імі пачаўся фізічны гвалт. Іх прымусілі трымаць заплечнікі ў паднятых руках, галовы ўніз... Пыталіся, платнікі яны ці бюджэтнікі, у залежнасці ад адказу знаходзілі аргументы наконт таго, чаму не трэба выступаць. Калі хтосьці пярэчыў, яго білі. Калі хтосьці з дзевак на гэта глядзеў, нам казалі адвярнуцца... Я асабіста бачыла, як аднаму выломлівалі пальцы і пагражалі, што іх зараз зламаюць, — расказвае Маргарыта.
 

"Праз тое, што зламаная рука, адпусцілі"

У РУУС даставілі студэнтаў не толькі з "яе" аўтазака.

— У РУУС са мной быў іншы хлопчык з БДМУ, яму маркерам на лбе намалявалі крыж. Потым ён расказваў, што так малявалі і іншым людзям.

У РУУС сілавікі працягвалі выказваць студэнтам сваё "каштоўнае" меркаванне.

— Нам казалі, што мы губім сваё жыццё, якія мы дактары, што мы будзем кухаркамі, што мы дуры поўныя, што Святлана Ціханоўская будзе смажыць нам катлеты і гэтак далей... Спрабавалі нас неяк зняважыць, запалохаць, выставіць ідыёткамі, — успамінае Маргарыта.

Маргарыта скардзілася сілавікам на боль у руцэ, але яны ігнаравалі гэта, хоць да таго моманту рука ўжо апухла. Калі трэба было самой здымаць ўпрыгажэнні і запаўняць паперы, прызналася, што не можа гэта зрабіць. Дактароў выклікалі толькі пасля таго, як яна сказала, што гэта можа быць пералом. Дактары хуткай пацвердзілі: пералом, пасля чаго студэнтку даставілі ў БХМД.

— Мне дакладна не сказалі, што мне пагражае. Калі я пыталася [міліцыянера. — Еўрарадыё], мне адказалі: альбо павязуць у Жодзіна ці Акрэсціна, альбо забярэ хуткая — залежыць ад таго, што ўбачаць дактары.

Сяброўку Маргарыты, якой "пашанцавала менш", яшчэ чакае суд, да яго яна будзе пад вартай.

— Чыста праз тое, што я зламала руку, мяне адпусцілі дадому, — дадала студэнтка.

Ніякіх папер у РУУС Маргарыце не далі, таму яна не ведае, ці складзены пратакол і ці чакае яе суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі