Студэнтаў БДЭУ заганяюць галасаваць датэрмінова: "Гэта ўсё адсочваецца"

Студэнтаў БДЭУ заганяюць галасаваць датэрмінова: "Гэта ўсё адсочваецца"

Студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта заганяюць на датэрміновае галасаванне. Адпаведны відэазапіс апублікавала на сваім сайце Радыё "Свабода". 

Запіс быў зроблены 13 лістапада на сходзе студэнтаў аднаго з факультэтаў Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. 

На відэа выкладчыца кажа студэнтам, у якой аўдыторыі ім трэба прагаласаваць датэрмінова. "Гэта ўсё адсочваецца. Вы павінны зрабіць гэта да нядзелі. Таму што потым нас пачнуць церабіць", — заяўляе жанчына. Яна не заклікае ні за каго галасаваць і адзначае, што можна прагаласаваць супраць усіх. Але абавязкова — да дня асноўнага галасавання.

Журналісты высветлілі, што гэта куратарка адной з груп першага курса інстытута Аксана Аніскевіч. У каментары Радыё "Свабода" яна пацвердзіла, што гаварыла са студэнтамі, але не бачыць у сваіх закліках нічога незаконнага: "Скажыце, а якім чынам уплывае тое, што галасаваць будуць датэрмінова? Гэта неяк уплывае на якасць? Я так сказала, таму што пайшлі такія распараджэнні. Таму я і сказала, што датэрмінова, вось і ўсё. Ад каго пайшлі распараджэнні? Давайце заўтра мы з вамі звяжамся".

Дырэктар інстытута БДЭУ, у якім працуе спадарыня Аніскевіч, у размове з журналістамі "Свабоды" адмовіў, што ёсць распараджэнні пра датэрміновае галасаванне для студэнтаў.

"Такога загаду з боку кіраўніцтва няма. Справа ў тым, каб студэнты выканалі свой грамадзянскі абавязак. Толькі гэта. Загадаў няма. Гэта можа быць звязана з тым, што студэнты на выходныя могуць дадому паехаць. Яны ў розных інтэрнатах жывуць. Гэта заклік да таго, каб студэнты асэнсавалі свой грамадзянскі абавязак. Яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Гэта заклік, не загад. Ці будзе адсочвацца ўдзел студэнтаў у датэрміновым галасаванні? Ва ўсякім разе, я пра гэта не ведаю. Яшчэ раз кажу, гэта толькі заклік да студэнтаў. Ніхто ж не сочыць, як яны будуць галасаваць. Гэта іх справа. Чыя ініцыятыва зьвярнуцца да студэнтаў з такім заклікам? Гэта і выкладчыкі самі могуць ініцыяваць. Звярнуцца да студэнтаў нават не на занятках, а на перапынках", — заявіў Аляксандар Лапцёнак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі