Стрыт-артар: Цэнзура павінна быць, але нельга маляваць тое, што хочуць людзі

Больш за месяц Мінск жыве з новымі графіці, намаляванымі замежнымі і беларускімі вулічнымі мастакамі ў межах праекта Urban Myths. Праўда, прывыкнуць да некаторых муралаў (так называецца вялікае графіці на будынку) і супакоіцца жыхары сталіцы ніяк не могуць: то пішуць у Кастрычніцкі выканкам, каб прыбралі "анёла смерці" на Варанянскага ды ўзгаднялі падобныя карціны з жыхарамі, то, увогуле, пішуць петыцыі, у якіх патрабуюць замаляваць усе графіці ў горадзе. Маўляў, яны негатыўна адбіваюцца на псіхіцы гараджан, таму нельга дапускаць падобныя праекты.

"Як маленькім дзецям расці і бачыць гэтыя "прыгажосці"? Які ў іх будзе густ, якія думкі і сэнс у жыцці? Ці не захочуць яны адчуць кайф ад наркотыкаў, каб убачыць галюцынацыі? На гэтым грунтуецца псіхадэліка. Ці трэба дзецям з пазногцяў прывучаць сябе да гэтай галюцынагеннай рамантыкі?” — выдае мінчанка Анастасія Ерамеева ў гучнай петыцыі пад дэвізам "Спыніць арт-праект Urban Myths. Замаляваць графіці на шматпавярховіках". Яе падтрымліваюць 223 чалавекі. Праўда, тут жа з'яўляецца яшчэ адна петыцыя: "Патрабуем тэрмінова замаляваць Анастасію Ерамееву", якую падпісваюць 2228 беларусаў.

"Я не думаю, што гэта менавіта беларуская рэакцыя, — разважае аўтар "Самалёціка" на Аэрадромнай Яўген Сасюра (Mutus). — Мне падаецца, што паўсюль прыкладна такое ж стаўленне. Зразумела, што калі малюнак лайтовы, то на яго ніхто скардзіцца не будзе. А калі з'яўляецца нешта кшталту працы Ino (графіці “Чалавек без твару” на вул. Варанянскага), то працэнт незадаволеных узрастае. Да таго ж, калі пачытаць, то за мяжой усе найбольш дзіўныя і пужаючыя працы з'яўляюцца збольшага там, дзе іх ніхто не бачыць: далёка ад цэнтра".

Сам Яўген "афіцыйна" займаецца стрыт-артам: то бок, улады Пінска ўпадабалі яго муралы і запрасілі распісаць будынкі горада. Праўда, мастак мусіць іх узгадняць з гарвыканкамам і яны павінны тычыцца выключна гісторыі горада:

"Гэта роспісы на гістарычную тэму, а не стрыт-арт-праекты. Я размалёўваю менавіта цэнтр горада, таму нельга вось так прыйсці і з галавы маляваць", — падкрэслівае Яўген.

Манументальны жывапіс — дастаткова "эгаістычны" занятак, і дамаўляцца з жыхарамі вуліц наконт таго, што мусіць з’явіцца на тым ці іншым будынку, як мінімум — абсурдна. І не важна, дзе той будынак знаходзіцца: у цэнтры ці на ўскрайку. Бо замест стрыт-арта, які патрабуе ўдумлівага погляду, на сценах могуць узнікнуць кветкі, матылькі ды коцікі. Напрыклад, сонца на мурале, што на мінскай вуліцы Авакяна, адной жыхарцы падавалася занадта злым. “Іншай не падабалася, што ў яго адно вока заплюшчанае, і яна не магла зразумець, як гэта сонца можа падміргваць. А яшчэ адна сказала, што мая праца — нейкая саўдэпаўшчына”, — узгадвае крымскі стрыт-артар Аляксей Кіслоў (Kislow). Прычым, падобныя сітуацыі ўзнікалі ў Аляксея не толькі ў гарадах былога СССР, але, напрыклад, і ў, падавалася б, даўно размаляванай Польшчы. Хаця, на думку мастака, жыхарам Беларусі, Украіны, Расіі сапраўды цяжкавата ўспрымаць нешта новае. Магчыма, ролю грае крызіс, які перажываюць краіны: “Людзям падаецца, што гэта робіцца за іх грошы. Таму яны часта кажуць, маўляў, лепш бы нешта карыснае зрабілі, напрыклад, пафарбавалі лаўкі”.

Але, нягледзячы на перакананні, мяркуе стрыт-артар, гараджан трэба адукоўваць у плане манументальнага жывапісу, праводзіць сустрэчы з мастакамі, якія прыязджаюць рабіць горад цікавейшым, што, уласна, і адбываецца ў межах Urban Myths. Гэта першае. А па-другое, сам мастак мусіць несці адказнасць за сваю працу:

“Якая-ніякая цэнзура павінна быць. Але галоўнае, каб яна не пераўтваралася ў суперкан’юнктурную форму творчасці, то бок, маляваць тое, што хочуць людзі. Бо часцей за ўсё яны і самі не ведаюць, чаго хочуць. А калі і ведаюць, то не факт, што ім гэта трэба”.

Апошняй манументальнай працай Аляксея Кіслова стаў акурат мінскі мурал. А вось італьянскі вулічны мастак Francesco Giorgino (Millo) пасля візіту ў Мінск звазіў свайго хлопчыка-вандроўніка ў Чыкага, Рым, Турын ды Парыж.

“Самае цудоўнае ў маіх працах — гэта тое, што кожны ў іх бачыць тое, што яму падабаецца: для некаторых мае гіганты — дзеці, для іншых — прышэльцы. Гэта як некаторыя бачаць толькі будынкі, а некаторыя толькі раўніны. Менавіта таму мне вельмі хацелася паказаць ідэю вялікай любові: вялікі чалавек клапоціцца пра маленькую дзяўчынку”, — распавядае мастак пра свой мурал на вуліцы Брылеўская. Аднойчы ён збіраецца вярнуцца ў Мінск. Калі не маляваць, дык адпачываць разам са сваёй дзяўчынай.

"Я сапраўды палюбіў Мінск. Мне вельмі спадабалася архітэктура, асабліва старая частка горада. Яшчэ я палюбіў ежу. І, самае цудоўнае, што мне давялося ўбачыць тут залатую восень”, — прызнаецца зорка італьянскага стрыт-арту.