Статус бел-чырвона-белага сцяга вывучыць Акадэмія навук

Статус бел-чырвона-белага сцяга вывучыць Акадэмія навук

Нацыянальная акадэмія навук правядзе даследаванне "з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў", якія пацвердзяць, ці можна бел-чырвона-беламу сцягу наваць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такі адказ атрымала арганізацыя "Малады фронт" (зарэгістраваная ў Чэхіі) з Міністэрства культуры на свой зварот, перадае БелаПАН.

27 кастрычніка маладафронтаўцы перадалі ў Мінкульт 10 тысяч 540 подпісаў пад зваротам аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Чыноўнікі Мінкульту даслалі адказ, што ў пададзенай прапанове няма дакументальнага абгрунтавання, а таксама "поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці". Таксама ў Мінкульце адзначылі, што асобныя факты ў звароце не падмацаваныя дакументальнымі крыніцамі. А гэта не дазваляе прыняць іх у якасці абгрунтавання. Таму Мінкульт перадаў зварот маладафронтаўцаў у Акадэмію навук.

Чыноўнікі міністэрства паведамілі, што Акадэмія навук будзе праводзіць даследаванне наконт бел-чырвона-белага сцяга "з улікам выдзялення сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе".

Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі з 19 верасня 1991 года па 14 траўня 1995-га. Гербу "Пагоня" некалькі гадоў таму быў нададзены статус нематэрыяльнай культурна-гістарычнай каштоўнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі