Стартуе конкурс "Заспявай 2.0". Пераможца атрымае 1000 еўра!

Музычны партал Tuzin.fm разам з дабрачынным фондам "Вяртанне" ладзіць новы сезон конкурсу "Заспявай 2.0" з прызавым фондам у 1000 еўра.


Узяць удзел у конкурсе могуць творцы ўзростам ад 15 да 27 гадоў. Узроставы цэнз мусяць улічваць і гурты, якія вырашаць паспрабаваць сябе.


Для удзелу жадаючыя могуць выбраць для сябе адну з намінацый. Першая з іх — "Кавер": трэба зрабіць сваю версію вядомай беларускамоўнай песні. Арганізатары раяць патэнцыйным удзельнікам пры выбары твору карыстацца такімі крытэрыямі, як арыгінальнасць музычнага твора, яго папулярнасць, значнасць для жанру, беларуская мова выканання. Будзе таксама вітацца імкненне пераспяваць па-беларуску вядомы беларускі твор, першапачаткова напісаны на рускай, англійскай ды іншых мовах. Разглядацца будуць песні, створаныя ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, рок, рэп, джаз, фолк, электроніка, аўтарская песня ды змешаныя і сумежныя стылі. Браць удзел у конкурсе могуць каверы, створаныя адмыслова для "Заспявай 2.0".


Другая намінацыя — "Спяваная паэзія". Удзельнікам трэба выбраць верш на беларускай мове, якія быў надрукаваны ў літаратурных выданнях, пакласці яго на музыку і выканаць ва ўласнай манеры.


Арганізатары конкурсу ставяць сабе за мэту, каб праз асэнсаванне зробленага ранейшымі пакаленнямі беларускіх музыкаў, паэтаў і кампазітараў, новае пакаленне прыйшло да стварэння сваіх годных і яркіх твораў, якія могуць заняць праз нейкі час сваё пачэснае месца ў будучым рэйтынгу найлепшых беларускіх песень XXI стагоддзя.

Больш інфармацыі тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі