Старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтана" пасля 1,5 месяца арышту зноў затрымалі

На волю не выйшла старшыня незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольга Брыцікава, паведамляюць праваабаронцы. Яна правяла за кратамі паўтара месяца. 13 красавіка чакалася яе вызваленне. Аднак Брыцікава зноў затрыманая. У межах якой справы яе пакінулі за кратамі, пакуль невядома.

Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага ў Наваполацку на ўчастку для галасавання — за фатаграфаванне бюлетэня. За гэта суд прысудзіў ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Праз некалькі дзён жанчыну асудзілі яшчэ на 15 сутак — за антываенны надпіс на куртцы. А пасля стала вядома пра яшчэ 15 сутак — нібыта на вокнах яе кватэры былі паперы з надпісам "Не — вайне". Брыцікаву ўтрымлівалі ў часовым ізалятары Ушачаў.

Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на "Нафтане". У жніўні 2020-га яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. 17 жніўня быў сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Церцеля (цяпер ён — старшыня КДБ), і Вольга Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў (на відэа).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.