Вы тут

Стала вядома, пра каго Лукашэнка гаварыў: "Кароў рэжуць і сплаўляюць у Расію"

"Спынена злачынная схема скупкі і рэалізацыі буйной рагатай жывёлы" / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

Стала вядома, пра каго нядаўна Аляксандр Лукашэнка гаварыў: "Па начах кароў рэжуць і сплаўляюць у Расію". Паводле яго слоў, на Гомельшчыне адбывалася сапраўдная "катастрофа". 29 кастрычніка Камітэт дзяржкантроля заявіў, што "спынена злачынная схема скупкі і рэалізацыі буйной рагатай жывёлы" і затрыманы кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі з Лоеўскага раёна. Па версіі кантралёраў, ён быў найбуйнейшым скупшчыкам буйной рагатай жывёлы ў вобласці, і зарэгістраваў у Расіі, а таксама ў Брагінскім раёне і Хойніках "на імя падстаўных асоб" некалькі суб'ектаў гаспадарання. Іх выкарыстаў "у сваёй незаконнай дзейнасці".

Паведамляецца, што ў 2019-2021 гадах праз згаданыя "суб'екты гаспадарання" на Гомельшчыне было набыта каля 13 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы на агульную суму больш за 10 млн рублёў. Па фіктыўных дакументах з мінімальнай нацэнкай жывёлу прадаў падкантрольнай фірме ў РФ. КДК заяўляе, што "фактычна скаціна па больш высокім кошце была прададзена на адрас рэальнага суб'екта гаспадарання Расійскай Федэрацыі". Пры гэтым "выручка была схавана ад падаткаабкладання". Ужо падлічана, што кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі ўхіліўся ад выплаты падаткаў на суму 511 тысяч рублёў. У яго дачыненні распачалі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.