Стала вядома, хто загадаў выкарыстаць узброеных вайскоўцаў на пратэстах у Брэсце

Стала вядома, хто загадаў выкарыстаць узброеных вайскоўцаў на пратэстах у Брэсце

17 лютага ў Брэсце працягваецца судовы працэс па справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў ад агнястрэльнага ранення. 

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спецыяльнага рэагаваньня (вайсковая часць №89417 сіл спецыяльных апэрацый) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын. Кардзюкоў і Шутаў — абвінавачаныя.

Як распавядала Еўрарадыё, менавіта стрэл капітана Гаўрылава стаў для Шутава смяротным. Брастаўчанін памёр ад ранення праз некалькі дзён.

На пасяджэнні 17 лютага Гаўрылаў і Галінцы хадайнічалі, каб справа слухалася ў закрытым рэжыме. Яны сказалі, што пасля першага судовага дня атрымалі дзясяткі ананімных пагрозаў. Аднак суддзя Святлана Крэмянеўская адмовілася задавоіць хадайніцтва, перадае Радыё "Свабода". 

Сведкам на судзе выступіў камандзір звяна брэсцкага АМАПу Антон Пракурат, які даваў паказанні праз аўдыясувязь. Ён расказаў, што Гаўрылаў і Галіцын былі перададзеныя ў яго распараджэнне 11 жніўня. Па горадзе пераапранутыя вайскоўцы і амапаўцы ездзілі на тралейбусах.

Пракурат заявіў, што ўсе байцы АМАПу і вайскоўцы ў той дзень былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй, за падзеямі яны назіраі ў цывільнай вопратцы. Гаўрылаў і Галіцын атрымалі загад змяшацца з натоўпам, яны ішлі ў натоўпе і пляскалі ў ладкі.

Позна ўвечары 11 жніўня вайскоўцы затэлеанавалі Пракурату на мабільнік і паведамілі пра ўжыванне агнястрэльнай зброі. Камандзір АМАП сам прыехаў на месца, дзе пабачыў параненага і "хуткую".

На судзе высветлілася, што Пракурат асабіста ведаў абвінавачаных Кардзюкова і Шутава.

Потым зачыталі сведчанні Лабковіча, маёра часці №89417 і непасрэднага кіраўніка Галіцына і Гаўрылава. Ён паведаміў, што загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацый генерал-маёр Вадзім Дзенісенка

Лабковіч паведаміў, што перадаў у падпарадкаванне АМАПу каля 20 вайсковых спецназаўцаў. Іх падзялілі на групы па 5-6 чалавек, якія дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе мелі пры сабе агнястрэльную зброю.

Лабковіч асабіста забіраў пісталеты Макарава ў Гаўрылава і Галіцына пасля інцыдэнту з Кардзюковым і Шутавым. Ён паведаміў, што ў абоймах адсутнічала па два патроны. 

Генерал-маёр Дзенісенка ў суд не прыехаў, бо з 6 па 20 лютага знаходзіцца на бальнічным. У судзе зачыталі яго сведчанні, дадзеныя следству 19 жніўня 2020 года.

"Рашэнне аб узбраенні абумоўленае тым, што немагчыма было пралічыць варыянты развіцця падзей на той момант часу", — гаворыцца ў паказаннях Дзенісенкі.

Наступны сведка — індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Лесік. Ён ускосна бачыў канфлікт паміж вайскоўцамі ды Шутавым і Кардзюковым. Спярша ён вырашыў, што гэта адна кампанія.

"Заўважыў, як да тых двух падышлі яшчэ двое. Затым адзін з іх упаў. Я адвярнуўся і пабачыў, што той, хто ўпаў, падымаецца, і ў ягонай руцэ прадмет з металічным бляскам. Я не бачыў, каб ён наносіў ім нейкія ўдары. Затым пачуліся стрэлы, адзін з людзей каля лавачкі пачаў уцякаць. Той, хто гнаўся за ім, страляў услед", — распавёў сведка. 

Крыкаў "Стой, страляць буду!" ён прыгадаць не мог — толькі лаянку з боку ўзброеных людзей. Гэтыя словы былі пацверджаныя відэазапісамі, якія зрабіў іншы відавочца. На іх чуваць крыкі "Ляжаць! Мордай у дол, урод!". Пацярпелы спецназавец Галіцын прызнаў, што гэта крычыць ён.

Пасля гэтага суддзя часткова задаволіла хадайніцтва пра закрыты рэжым слуханняў. Закрытай будзе тая частка працэсу, падчас якой будуць вывучаць "сакрэтны" том матэрыялаў справы. Што ў ім знаходзіцца, невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі