Вы тут

Справу рэаніматолага-анэстэзіёлага БХМД адправілі на дапрацоўку

Багдан Шыльнікоўскі / Facebook

Суд Маскоўскага раёна Мінска адправіў на дапрацоўку справу рэаніматолага-анэстэзіёлага БХМД Багдана Шыльнікоўскага. Самога доктара адпусцілі, бо скончылася 72 гадзіны з часу яго затрымання. 

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні адзначана, што 12 жніўня Шыльнікоўскі ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу каля медуніверсітэта і выкрыкваў лозунг "Медыкі з народам". 

Суд праходзіў па скайпе. Багдан сказаў, што разумее, у чым яго вінавацяць, але адмовіўся даваць тлумачэнні. 

Адвакат Шыльнікоўскага Віталь Брагінец звярнуў увагу на шматлікія парушэнні, дапушчаныя пры складанні пратакола: няма вопісу рэчаў, выпраўленыя даты, выпраўленні не агавораныя, Шыльнікоўскі з матэрыяламі справы не азнаёмлены. У выніку скончыліся 72 гадзіны, адведзеныя законам, і суддзі нічога не заставалася, як адправіць справу на дапрацоўку.

Як распавядала Еўрарадыё, 12 жніўня пасля акцыі медыкаў Шыльнікоўскага затрымалі і адправілі на Акрэсціна. Багдан — дыябетык, а ў ізалятары яму не давалі інсулін 12 гадзін. Таму з камеры яго даставілі ў рэанімацыю. Цяпер справа дайшла да суда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.