Справаздача АБСЕ па выбарах у Турцыі VS справаздача АБСЕ па Беларусі

Справаздача АБСЕ па выбарах у Турцыі VS справаздача АБСЕ па Беларусі

У нядзелю ў Турцыі прайшлі парламенцкія выбары, на якіх большасць набрала партыя “Справядлівасці і Развіцця” дзеючага прэзідэнта краіны Раджэпа Таіпа Эрдагана. З вынікам 49,4% галасоў яна зможа сфармаваць у парламенце абсалютную большасць.

Міжнародныя назіральнікі назвалі выбары “нячэснымі”. І асудзілі дзеючыя ўлады за тое, што перадвыбарная барацьба ў Турцыі вялася несправядліва, ў атмасферы страху і суправаджалася ціскам на прэсу.

Другога лістапада АБСЕ і ПАСЕ апублікавалі сумесную справаздачу па выбарах у Турцыі. Еўрарадыё параўноўвае яе з аналагічнай па выбарах прэзідэнта ў Беларусі і высвятляе, чым падобныя турэцкія і беларускія выбары.

Справаздача АБСЕ па выбарах у Турцыі VS справаздача АБСЕ па Беларусі
Фота: REUTERS

Атмасфера і агітацыя

Назіральнікі адзначылі, што перадвыбарчая агітацыя ў Беларусі была “малазаўважнай, хоць і стала больш актыўнай ў апошнія два тыдні перад днём выбараў”. Сам дзень галасавання прайшоў спакойна і мірна.

У Турцыі назіральнікі адзначылі, што “эскалацыя гвалту, асабліва ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, зменшыла магчымасць свабодна весці выбарчую кампанію”. Мела месца запалохванне выбаршчыкаў і ціск на іх. Фіксаваліся затрыманні актывістаў некаторых партый. Дзень галасавання  прайшоў спакойна.

СМІ

Вынікі маніторынгу СМІ ў Беларусі паказалі, што пераважная большасць часу была прысвечаная дзеючаму прэзідэнту, але доступ да дзяржаўных СМІ без цэнзуры быў забяспечаны роўны для ўсіх кандыдатаў.

Падчас выбараў у Турцыі назіральнікі адзначылі абмежаванасць свабоды выказвання, крымінальны пераслед журналістаў, закрыццё некаторых медыя і абвінавачванні іх у спрыянні тэрарызму. Тры з пяці тэлеканалаў адкрыта падтрымлівалі праграмы кіруючай партыі.

Справаздача АБСЕ па выбарах у Турцыі VS справаздача АБСЕ па Беларусі
Прэзідэнт Турцыі галасуе падчас парламенцкіх выбараў. Фота: en.trend.az

Жанчыны ў выбарчым працэсе

У Беларусі ўпершыню ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ўдзельнічала жанчына. Жанчыны добра прадстаўленыя ў складзе выбарчых камісій. Чатыры з дванаццаць членаў ЦВК (у тым ліку, старшыня) — жанчыны.

У Турцыі жанчыны гралі актыўную ролю ў кампаніі, хоць і недастаткова прадстаўленыя ў палітычным жыцці. 24% кандыдатаў былі жанчыны, 27% — мясцовых выбарчых камісій, але ў ЦВК жанчын было толькі 6%.

Назіральнікі

У Беларусі было зарэгістравана больш за 44 тысячы назіральнікаў (у тым ліку, каля 1000 міжнародных). Хоць 2/3 назіральнікаў прадстаўлялі грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца дзяржавай. “Выбарчыя камісіі мелі права абмежаваць доступ назіральнікаў па сваім жаданні”.

У Турцыі “нягледзячы на моцныя заканадаўчыя абмежаванні, дэ-факта кантроль грамадзянскай супольнасці за выбарчым працэсам быў вельмі пільным. Было зарэгістравана мноства назіральнікаў ад грамадзянскіх супольнасцяў і ад палітычных партый. Усе міжнародныя назіральнікі АБСЕ, ПАСЕ былі акрэдытаваныя”.

Справаздача АБСЕ па выбарах у Турцыі VS справаздача АБСЕ па Беларусі
Падлік галасоў у Турцыі. Фота: news.my2k.ru

Падлік галасоў

“У Беларусі прыкметы ўкідвання бюлетэняў падчас падліку галасоў былі заўважаныя ў 38 выпадках на 22 участках. Падлік галасоў быў ацэнены назіральнікамі адмоўна, пры гэтым прыблізна 30% выбарчых участкаў са 169, дзе вялося назіранне, атрымалі ацэнку “кепска” ці “вельмі кепска”, што сведчыць пра наяўнасць значных праблем”.

Справаздача па выбарах у Турцыі паведамляе, што “ў той абмежаванай колькасці выбарчых участкаў, дзе прысутнічалі міжнародныя назіральнікі, працэс падліку быў ацэнены як празрысты і добра арганізаваны, хоць былі некаторыя рэдкія выпадкі, калі камісіі не дзейнічалі паводле правілаў, прадугледжаных законам”. Напрыклад, у некалькіх выпадках пратаколы вынікаў не былі размешчаныя на адпаведных выбарчых участках. Цэнтральная выбарчая камісія не размяшчае папярэднія вынікі на сваім сайце”.

Галоўнае фота: BURHAN OZBILICI/ASSOCIATED PRESS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі