Spiavaj.by: Нашы пераклады часам лепшыя за арыгінал

120605 Narejka s.mp3

Еўрарадыё: Адкуль ідэя, стварыць сайт з перакладамі замежных хітоў на беларускую мову? Вы натхніліся паходамі ў караоке-бар?

Аляксей Нарэйка: Проста падабаюцца песні, з меламанства. Часам я хачу расказаць іншым, пра што гэтыя песні, пару словаў сам разумею, і мне шкада, калі песня для людзей — хіт іхняга жыцця, але яны не разумеюць ні слова. Мне захацелася, каб людзі разумелі прыгожыя словы песень. Так нарадзілася ідэя. Потым я падумаў, чаму б не прапанаваць болей песень, можа каб яны загучалі і са сцэны. Гэтыя песні — класіка, шлягеры, золата сусветнай музыкі.

Еўрарадыё: А хто выбіраў песні? Вы перакладалі іх самі?

Аляксей Нарэйка: Перакладаў не я сам, але выбіраў збольшага я. Нам важна было сканцэнтраваць рэсурсы, каб сапраўды было тое, што ў кожнага ў душы, каб пад першыя акорды людзі самі пачыналі нешта сабе мурлыкаць, танцаваць. Да гэтага мы ўключылі туды песні, якія маглі б быць папулярныя, але іх мала ведаюць. Некаторыя спевакі маюць шэдэўры, якія можа не надта масавыя, але гэта шэдэўры. Гэта і поп-кампазіцыі, і некаторыя рэчы, якія сталі опернымі творамі. Прынцып адбору — просты. Галоўнае, каб як мага большай колькасці людзей гэтая песня была вядомая. Але мы не абмяжоўваем. Можна дасылаць іншыя пераклады, іншыя песні — мы будзем папаўняць спіс. Цяпер мы дадалі кампазіцыю пераможцы "Еўрабачання", і неўзабаве дададзім іншыя песні з конкурсу, якія, на нашу думку, будуць доўга жыць.

Еўрарадыё: А самі вы ці спрабавалі спяваць гэтыя песні?

Аляксей Нарэйка: Гэта была асноўная ўмова — каб песні спяваліся. 95% песень рыфмаваныя ідэальна. Некаторыя, можа, не ідэальныя, але калі нейкі выканаўца захоча ўзяць песню ў свой рэпертуар і трохі падшліфаваць тэкст — мы заўсёды гатовыя дапамагчы. Галоўнае, каб усе песні спяваліся ў арыгінальным рытме пад арыгінальную мелодыю.

Еўрарадыё: Перакладаў каля трохсот ужо на сайце. Колькі ж людзей працавала над гэтым?

Аляксей Нарэйка: Мы пачыналі даволі вялікай грамадой — больш за 10 чалавек. Калі не было чалавека, які змог бы тэкст і зразумець, і хораша завершаваць яго па-беларуску, то мы прыцягвалі некалькі чалавек: адзін рабіў даслоўны пераклад, другі вершаваў і трэці правяраў канчатковы вынік, бо заўсёды могуць здарыцца нейкія памылкі, пра нешта людзі могуць забыцца і прапусціць. На пэўным этапе мы заўважылі, што ў кагосьці гэта выходзіць лепей, у кагосьці горай. Кіраваліся мы толькі жаданнем, бо праект аматарскі, тут нельга кагосьці прымушаць. І такім чынам вылучыліся 3-5 чалавек, у якіх ёсць талент да гэтага. Я, напрыклад, не чакаў, што з такою якасцю можна перакласці тэкст гурта Nightwish. Бачна, што чалавек сапраўды любіць гэтую музыку.

Еўрарадыё: Але вы не падпісваеце імёнаў пад песнямі…

Аляксей Нарэйка: Без дазволу людзей я не змяшчаю іх імёны на старонцы, а пакуль яшчэ ніхто не выказаў такога жадання, але калі ў кагосьці такое жаданне будзе — мы абавязкова змесцім. Ды і аўтарства часта было калектыўным: падчас дапрацоўкі тэкст цалкам мог змяніцца, таму аўтарства можа быць спрэчным. Нашы пераклады часам атрымліваліся лепш чым арыгінал, бо ёсць некаторыя песенькі, якія зусім не маюць зместу, а толькі рытм. Мы падумалі, што людзі проста расчаруюцца, пачуўшы, што яны слухалі. Таму мы вырашылі ўзбагачаць песні, дзе гэта магчыма, вобразамі ды пачуццямі, але трымаючыся зместу.

Еўрарадыё: Якія вашы далейшыя планы?

Аляксей Нарэйка: Мы спадзяемся на вашых слухачоў і хочам, каб гэтыя песні выйшлі ў людзі. Яны і так ужо ў людзях. Іх нехта мармыча сабе пад нос, не ведаючы словаў. Мы хочам, каб гэтыя песні спявалі людзі на святах, у школах, у сям’і, проста самі сабе ў душы, у ванне, у лазні. Спадзяюся, што нам будуць дасылаць аўдыёзапісы, відэазапісы. Мы хочам, каб гэта стала агульнанацыянальным. Мы хочам змяшчаць гэтыя запісы: можа, гэта будзе смешна, можа, гэта будзе прыгожа, можа, гэта будзе проста, бо нехта выканаў і стаў знакамітым. Так вы можаце трапіць у топ у нашай краіне.

Еўрарадыё: А як можна вам гэта даслаць?

Аляксей Нарэйка: Высылайце файлік або спасылачку на нашу скрынку [email protected]. Мы запрашаем і аматараў, і майстроў. Разам мы заспяваем так, што нас ніхто не перапяе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі