Вы тут

Сотні лістоў, суд з міліцыяй: што змянілася ў Стаса, які ратуе зняволеных

Станіслаў Цыбінскі, травень 2019 года / Аляксандр Васюковіч

Месяц таму на Еўрарадыё выйшаў тэкст з серыі пагэтыбок# — пра Станіслава Цыбінскага з Гродна, які адседзеў у турме 15 гадоў, выйшаў і пачаў новае жыццё. Ён вырашыў прысвяціць сябе дапамозе людзям, якія выйшлі з турмы. Пасля публікацыі жыццё Стаса змянілася: яго пачалі пазнаваць на вуліцах Гродна, завальваць паведамленнямі ў сацсетках і нават прапанавалі з'ехаць з Беларусі.

На працягу месяца Стас судзіўся з міліцыяй, даў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ і пачаў супрацоўнічаць з уладамі Гродна, каб афіцыйна зарэгістраваць Беларускі цэнтр падтрымкі — арганізацыю, якая дапамагае людзям, якія вызваліліся з турмы.

Такі нагляд абмяжоўвае свабоду руху: нельга, напрыклад, без папярэджання выязджаць з горада, мяняць жыллё і працу, трэба ва ўстаноўлены тэрмін вяртацца дадому. Суд можа абавязаць чалавека не наведваць пэўныя месцы, не выходзіць з кватэры ў пэўны час, з'яўляцца ў АУС некалькі разоў на месяц.

Стас кажа, што гэта можа быць звязана з яго актыўнай дзейнасцю: акрамя дапамогі былым зняволеным ён удзельнічаў у галадоўцы са сваякамі асуджаных за наркотыкі.

Згодна з артыкулам 80 КК прэвентыўны нагляд можа быць устаноўлены за раней судзімым чалавекам, калі ён больш за два разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Па словах Стаса, міліцыя на судзе прадэманстравала два адміністрацыйныя правапарушэнні. Адну адміністрацыйку Стас атрымаў у траўні 2018 года за знаходжанне п'яным у фае інтэрната і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Але абскардзіў яе і выйграў суд. Другая сёлета — аб пераходзе дарогі ў неналежным месцы. На момант затрымання рашэння па гэтай справе яшчэ не было: Стас чакаў даты абскарджання.

На пасяджэнні суд так і не змог высветліць у супрацоўніка крымінальнай інспекцыі, на якой падставе трэба ўстанавіць за Цыбінскім прэвентыўны нагляд. У абгрунтаванні міліцыі не было доказаў таго, што Цыбінскі "не рэагуе на выхаваўчую работу, накіраваную на змену ладу жыцця ў пазітыўны бок" і гэтак далей. Супрацоўнік інспекцыі прызнаў, што ў яго няма такіх звестак.

Суддзя не ўлічыў довадаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі і адмовіў ва ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду за Стасам. "Супрацоўнікі міліцыі падалі фіктыўныя дакументы, якія суд разглядаць не мог", — расказаў Цыбінскі.

Інтэрв'ю і супрацоўніцтва з уладамі Гродна

24 жніўня тэлеканал АНТ выпусціў сюжэт пра Цыбінскага. У канцы рэпартажу журналістка Надзея Завіноўская сказала, што ініцыятывай Стаса ўжо зацікавіліся ўлады Гродна і гатовыя афіцыйна прапанаваць супрацоўніцтва.

Неўзабаве з Цыбінскім звязаўся начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі гродзенскага гарвыканкама Андрэй Ярашэвіч. Стас кажа, што чыноўнік паабяцаў дапамагчы зарэгістраваць арганізацыю. Цыбінскі ўжо знайшоў бухгалтара, юрыста, кладаўшчыка і схадзіў у падатковую. Арганізацыю Стас рэгіструе не адзін: за мінулы месяц ён пазнаёміўся з былым супрацоўнікам міліцыі, які падахвоціўся дапамагчы.

Зараз Стас Цыбінскі шукае памяшканне для цэнтра, разбіраецца з дакументацыяй і верыць, што ўсё атрымаецца.