Смаленская мытня затрымала на беларускай мяжы 20 фураў з гароднінай і садавіной

Смаленская мытня затрымала на беларускай мяжы 20 фураў з гароднінай і садавіной

9 сакавіка смаленскія мытнікі спынілі ў Руднянскім раёне 20 вялікагрузных фураў, якія цішком ехалі ўначы з тэрыторыі Беларусі. На іх, як паведамляецца, перавозілі таматы, грушы, яблыкі агульнай вагой каля 400 тон без якіх-небудзь суправаджальных дакументаў.

У шасці аўтамабілях згодна з маркіроўкай на тары везлі польскія яблыкі, у дзевяці — турэцкія памідоры, яшчэ ў адным — іспанскія памідоры. У астатніх фурах не змаглі вызначыць краіну паходжання тавару па маркіроўцы першых шэрагаў каробак.

Аўтамабілі былі пад суправаджэннем накіраваныя на склад для дадатковай праверкі. Аднак падчас канваявання адна фура паспрабавала ўцячы на тэрыторыю Беларусі. Спыніць яе ўдалося супрацоўнікам спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР) мытні.

Праверка выявіла, што турэцкія памідоры везлі з турэцкіх прадпрыемстваў, не атэставаных для паставак гэтай прадукцыі ў Расію. У трох аўтамабілях выяўленыя яблыкі невядомага паходжання. У астатніх на тары былі маркіровачныя этыкеткі, якія сведчаць пра паходжанне тавараў з Польшчы ды Іспаніі.

На перавозчыкаў могуць пачаць адміністрацыйныя справы. Ім пагражаюць штрафы ад пяцідзесяці да трохсот тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі