Следчыя: “Мы не шукаем Менцюка, бо ён нам пакуль не патрэбен”

Як даведалася Еўрарадыё, супрацоўнікаў следчага ўпраўлення УУС Мінаблвыканкаму, што вядуць справу Рамана Менцюка, пакуль мала хвалюе, знаходзіцца ён у Беларусі, альбо выехаў за яе межы ў вясельнае падарожжа. Яго ніводнага разу не выклікалі на допыт.
Начальнік следчага ўпраўлення УУС Мінаблвыканкаму Андрэй Мартынаў гаворыць, што пакуль нават не ведае дакладна, калі Мянцюк можа спатрэбіцца следству. Да прыкладу, для следчага эксперыменту.

Андрэй Мартынаў: “Следчыя яго выклікаць не спрабавалі. Калі яго хтосьці спрабуе іншы, то я не ведаю. У нас план складзены па справе, і мы працуем па плане. І на дадзены момант мы яго не выклікалі яшчэ. Ні па тэлефоне, ні позвай. І не было яго допыту. Мы працуем са сведкамі па справе, якіх там дастаткова. Мы ж не выклікаем у адзін дзень усіх. Выклікаць 23 чалавекі адразу ў нас магчымасці няма. Сёння мы запланавалі правесці допыт аднаго, двух альбо трох. Я кажу, мы пакуль і не планавалі яго допыт. Следчы, магчыма, запланаваў яго на больш позні тэрмін, калі правядзе допыт усіх сведкаў па справе”.

А паколькі чарга да Менцюка не дайшла, то, па словах начальніка следчага ўпраўлення, няма чаго і думаць пра тое, што рабіць, калі раптам стане вядома аб знікненні таго. Пакуль следчыя пра такую магчымасць нават не думалі.

Андрэй Мартынаў: “Не ведаю. Вось калі выклічам, а ён да нас не з’явіцца, тады і будзем думаць, што рабіць. Я не магу на перспектыву загадваць і прадугледзець, што ў такой ці такой сітуацыі рабіць. Зыходзячы з той сітуацыі, якая складзецца, і будзем думаць, што рабіць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, следчыя УУС Мінаблвыканкаму пакуль і не планавалі праводзіць следчы эксперымент на месцы здарэння – 8-м кіламетры шашы Мінск-Мікашэвічы. Пакуль перашкаджае надвор’е.

Андрэй Мартынаў: “Вы бачыце, якое надвор’е? Я не магу спрагназаваць, калі надвор’е буде такое ж, як на момант ДТЗ. І, адпаведна, не магу і нейкія планы наконт даты правядзення следчага эксперыменту пабудаваць. Усё залежыць ад надвор’я. Мы ж павінны праводзіць эксперымент ва ўмовах, максімальна набліжаных да тых, якія былі ў момант ДТЗ. Найлепш, каб яны супадалі адзін да аднаго, што, канешне, вельмі складана. А зараз снег. Калі ён сыйдзе, калі будзе такое ж надвор’е, не ведаю. Таму і сказаць нічога не магу”.

Еўрарадыё папрасіла патлумачыць, чаму ахвяр пастаўленага ДАІшнікамі “жывога шчыта” толькі ўчора, 25 сакавіка, прызналі пацярпелымі. Але па словах начальніка следчага ўпраўлення, акрамя змены статусу ў часткі людзей, што праходзяць па справе, гэта нічога ў ходзе расследавання не змяніла. Таму, раней гэта зрабілі ці пазней, вялікага значэння не мае.

Андрэй Мартынаў: “Што з таго, што кагосьці там учора прызналі альбо не прызналі? Што, гэта неяк мяняе справу, мяняе ход расследавання? Гэта звычайная працэдура, якая праводзіцца па кожнай крымінальнай справе, якая расследуецца ў нашай краіне”.

Адзначым, што сёння адзін з тэлефонаў сям’і Менцюкоў быў у сетцы, аднак ніхто па нумару не адказаў. Пазней адключылі і яго.