Следчы камітэт зноў адмовіў у крымінальнай справе па скарзе збітага лекара

Лекар з Мінску Дзмітрый Серада трэці раз атрымоўвае са Следчага камітэта адмову ў распачацці крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Серада хоча, каб яны адказалі за тое, што збілі яго а таксама пашкодзілі маёмасць яго сям'і.

Серада ўжо некалькі разоў падаваў скаргі на дзеянні міліцыянтаў, але крымінальную справу так і не пачалі. Адмовы Следчага камітэта ўжо былі адмененыя пастановамі Генпракуратуры, начальнікам аддзела пракуратуры Мінска па наглядзе за выкананнем заканадаўства.

Апошнюю адмену вынесла 9 студзеня 2017 года пракуратура Мінска. А 6 лютага следчы па асабліва важных справах аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы следчага ўпраўлення А.Супічэнка (які ўжо другі раз праводзіў праверку па скарзе доктара) не пабачыў злачыснтва ў дзеяннях оперупаўнаважаных Аляксандра Нушчыка і Дзмітрыя Шкулькова, а таксама супрацоўнікаў АМАПу, якія прымалі ўдзел у затрыманні Серады.

Як адзначае сайт "Вясна", следчы фактычна перапісаў слова ў слова сваю папярэднюю пастанову. На яго думку, сілавікі мелі законныя падставы для затрымання лекара. Самое затрыманне, як піша Супічэнка, праведзенае "без перавышэння мераў, неабходных для затрымання асобы, якая ўчынiла злачынства".

Пацярпеламу прапанавалі зноў абскардзіць рашэнне начальніку УСК па Мінску, пракурору Мінска або ў суд. Серада збіраецца так і зрабіць.

Як паведамлялася, здарэнне адбылося раніцай 4 жніўня 2016 года. Кватэру лекара-педыятра Дзмітрыя Серады штурмам узялі міліцыя і АМАП у масках, выбіўшы дзверы з пад'езда і з гаўбца. Мужчыну паклалі тварам на падлогу, закулі ў кайданкі і збівалі ў спецаўтатранспарце. Сераду затрымалі па памылковым падазрэнні ў эксгібіцыянізме, аднак ніхто яго не апазнаў.

За памылковае затрыманне ніхто з міліцыянтаў нават не папрасіў прабачэння.