За памылковы штурм кватэры мінскага лекара пачалі крымінальную справу. Дакумент
Пракуратура Мінска пачала крымінальную справу на супрацоўніка міліцыі за перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў (ч.1 арт.426 Крымінальнага кодэксу) ў справе доктара-педыятра Дзмітрыя Серады. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Найбольшае пакаранне, якое прадугледжвае гэты артыкул — да трох гадоў пазбаўлення волі.
Да гэтага Следчы камітэт двойчы адмаўляўся пачынаць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў міліцыі і АМАП, на якіх скардзіўся Серада.
У каментарыі Еўрарадыё доктар Серада паведаміў, што не мае вялікай надзеі на гэтае расследаванне:
Серада: “Крымінальную справу перадалі для даследчай праверкі ў той жа Следчы камітэт, які два разы да гэтага адмаўляўся пачынаць крымінальную справу. Калі хаця б у іншую ўстанову перадалі! Але перадалі таму ж начальніку, які падпісваў пастанову ад адмове распачынаць справу. Як вы думаеце, як ён будзе працаваць далей? Гэтак жа — спусціць на тармазах крымінальную справу”.
Як паведамлялася, зранку 4 жніўня міліцыянты ўварваліся ў кватэру Серады, збілі яго пры затрыманні, выбілі ўваходныя дзверы і дзверы з балкона ў кухню. Потым міліцыянты працягнулі яго збіваць у спецаўтатранспарце. Сераду затрымалі па падазрэнні ў тым, што ён нібыта з'яўляецца эксгібіцыяністам. Аднак нават пацярпелыя не апазналі яго.
Следчы адпусціў доктара на наступны дзень, бо "адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай".