Следчы камітэт завяршыў расследаванне па смерці інспектара ДАІ ў Магілёве

Следчы камітэт завяршыў расследаванне па смерці інспектара ДАІ ў Магілёве

Следчы камітэт завяршыў папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па гібелі супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве, піша TUT.by. У пастанове аб спыненні справы гаворыцца, што ў гібелі інспектара "адсутнічае грамадска небяспечнае дзеянне". Такі адказ прыйшоў бацьку загінулага міліцыянта Уладзіміру Патаповічу.

Як распавядалася раней, міліцыянт загінуў 16 траўня. Спярша паведамлялася, быццам яго выкралі і вывезлі асобы цыганскай або каўказскай знешнасці і вывезлі на чорнай "Волзе" з расійскімі нумарамі. Праз некалькі гадзін цела Яўгена Патаповіча знайшлі ў лесе каля Магілёва. Афіцыйна паведамлялася пра агнястрэльную рану галавы. 

Магілёўскія міліцыянты правялі шэраг жорсткіх затрыманняў цыганоў. У выніку кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава публічна папрасіла прабачэння ў цыганскай супольнасці Магілёва. 

Следчы камітэт спярша пачаў крымінальную справу за забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. Аднак праз некалькі дзён, 20 траўня, было заяўлена, што асноўная версія смерці міліцыянта — самагубства. 

Бацькі Патаповіча заяўлялі, што не вераць у суіцыд сына і патрабавалі правесці эксгумацыю цела. Яны падазравалі, што на целе сына былі іншыя кулявыя раненні. Таксама іх насцярожыла, што нікога са сваякоў не пусцілі ў морг. Але следства ў эксгумацыі адмовіла. 

Уладзімір Патаповіч напісаў звароты ў Генпракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай правесці эксгумацыю цела сына. Генпракуратура адмовіла, бо не пабачыла падставаў для эксгумацыі. Адказу з Адміністрацыі прэзідэнта бацька яшчэ чакае. 

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 07.08:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі