Следчы камітэт пракаментаваў спыненне справы “Белага легіёну”

Следчы камітэт пракаментаваў спыненне справы “Белага легіёну”

Следчы камітэт пракаментаваў спыненне справы “Белага легіёну” (“справы патрыётаў”). У чацвер падчас наведвання Магілёва гэтую сенсацыйную навіну паведаміў старшыня СК Іван Наскевіч. Паводле яго слоў, “у гэтай справе пастаўлена кропка”, яе накіравалі ў пракуратуру “для вывучэння і ацэнкі прынятага рашэння”.

Пазней з’явіўся каментар следства. Як вядома, затрыманні фігурантаў справы адбыліся ў другой палове сакавіка 2017-га пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра “баевікоў” (спачатку ён заявіў, а ўжо пасля прайшлі затрыманні). Агулам было кінута за краты 35 чалавек — маладафронтаўцаў і былых сябраў “Белага легіёна”. Іх спачатку абвінавачвалі ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. У красавіку маладафронтаўцы выйшлі на волю. Двум дзясяткам чалавек выставілі абвінавачанне ў стварэнні “незаконнага ўзброенага фармавання”, дзяржаўныя СМІ распаўсюджвалі фота і відэа з выяўленай “зброяй”. Аднак да канца чэрвеня ўсіх адпусцілі. А цяпер справу ўвогуле закрылі.

Следчы камітэт адзначае, што пасля аналізу ўсіх сабраных доказаў следства прыйшло да высновы, што “дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фармавання”. Прафесійную падрыхтоўку, якая праводзілася легіёнаўцамі, можна кваліфікаваць як “баявую падрыхтоўку”, якая “характэрная для асабовага складу вайсковага фармавання для незаконнага ўзброенага фармавання”. Аднак гэтыя дзеянні абвінавачаных “не былі накіраваны на гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу і (ці) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў”.

Следства прыйшло да высновы, што “дзеянні абвінавачаных не маюць грамадскай небяспекі, якая характэрная для злачынства, паколькі не нанеслі істотную шкоду інтарэсам і грамадскім адносінам, якія ахоўваюцца крымінальным законам”. Таму дзеянні гэтых людзей прызналі “малазначнымі”. Крымінальны пераслед у адносінах абвінавачаных і папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынілі “за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі