Скандальны допіс пра курсы “Мова-нанова” прыбралі з сайту гродзенскай школы

Скандальны допіс пра курсы “Мова-нанова” прыбралі з сайту гродзенскай школы

У панядзелак, 7 верасня, многія беларускія СМІ перадрукавалі ўрыўкі допісу з вэб-старонкі школы №22 горада Гродна. Там папулярныя курсы беларускай мовы “Мова-нанова” названыя “неканструктыўнай арганізацыяй”.

Гэта ў той час, калі “Мова-нанова” афіцыйна зарэгістраваныя і іх штотыдзень наведвае блізу 600 чалавек з 10 беларускіх гарадоў. А праходзяць заняткі нярэдка ў памяшканнях, якія прадастаўляюць мясцовыя ўлады. Курсы з’яўляюцца бясплатнымі і на іх прыходзіць шмат вядомых дзеячаў культуры.  

“Бясспрэчна, гэта нейкая памылка, нейкая адсябеціна ад недалёкага чалавека. Як толькі я патэлефанаваў у школу, гэты матэрыял быў адразу ж прыбраны з сайта. Калі б яны былі перакананыя, што ўсё напісанае ў гэтым матэрыяле праўда, напэўна, яны б яго не прыбіралі. Дырэктарка школы сказала, што яна толькі 7 дзён працуе на сваёй пасадзе і ўвогуле не ў курсе, што гэта такое і хто гэта зрабіў”, — апавядае пра адгалоскі скандалу выкладчык курсаў Глеб Лабадзенка.  

Выкладчык “Мова-нанова” кажа, што дырэктарка школы абяцала разабрацца і выйсці з ім на сувязь цягам працоўнага дня. Але гэтага не зрабіла.

“Гарадзенцы ў каментарах пішуць, што гэты матэрыял з’явіўся ў сакавіку. Якраз тады праходзіла нейкая нарада ці то для супрацоўнікаў адукацыі, ці то для супрацоўнікаў выканкама. Людзі выказваюць здагадкі, што раздаць такую інфармацыю маглі на гэтай нарадзе. Я пагугліў гэты дакумент. Ён быў размешчаны толькі на сайце гэтай школы”, — дзеліцца інфармацыяй Лабадзенка. 

У скандальным допісе ў негатыўным рэчышчы апісана тэндэнцыя папулярызацыі беларускай вышыванкі. Далей болей! Курсы “Мова-нанова” паставілі ў адзін шэраг з некаторымі палітычнымі арганізацыямі.

“Дзіўна, як нашы курсы аказаліся ў гэтай кампаніі. “Мова-нанова” — па-за палітыкай, займаецца выключна культурай, беларускай мовай і ўсім, што з гэтым звязана. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Я вельмі спадзяюся, што гэта адзінкавы выпадак і гэта не паўторыцца”, — ставіць кропку Лабадзенка.

Фота news.vicebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі