Сірыйцы збілі расійскі самалёт Іл-20, але Расія вінаваціць Ізраіль

Сірыйцы збілі расійскі самалёт Іл-20, але Расія вінаваціць Ізраіль

Сірыйцы збілі расійскі самалёт-разведчык Іл-20, але Расія вінаваціць Ізраіль. Мінабароны РФ заявіла, што ізраільскія лётчыкі "прыкрываліся расійскім самалётам", інфармуе ria.ru. Такім чынам, пацвердзілася інфармацыя амерыканскіх СМІ, што Іл-20 збілі сірыйскія сістэмы супрацьпаветранай абароны. Гэта была ракета комплекса С-200.

Як інфармавала Еўрарадыё, расійскі самалёт знік позна ўвечары 17 верасня. Ён вяртаўся з боку Міжземнага мора на авіябазу ў Хмеймім. Сувязь з экіпажам знікла ў 35 км ад узбярэжжа. У гэты час чатыры ізраільскія знішчальнікі F-16 наносілі ўдары па аб'ектах у сірыйскай правінцыі Латакія. Яны якраз заходзілі з боку мора.

Мінабароны Расія называе здарэнне "правакацыяй Ізраіля" і яго "варожымі дзеяннямі".

"У выніку безадказных дзеянняў ізраільскіх вайскоўцаў загінулі 15 расійскіх вайскоўцаў. Гэта абсалютна не адпавядае духу расійска-ізраільскага партнёрства", — заявіў афіцыйны прадстаўнік ведамства генерал-маёр Ігар Канашэнкаў. Паводле яго слоў, ізраільскі бок паведаміў расіянам пра запланаваную атаку авіяцыі толькі за хвіліну. Мінабароны РФ упэўненае, што ізраільскія лётчыкі бачылі расійскі самалёт, які заходзіў на пасадку.

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ў тэлефоннай гутарцы з ізраільскім калегам Авігдорам Ліберманам заявіў, што Расійская Федэрацыя пакідае за сабой права на крокі ў адказ. А ў МЗС Расіі выклікалі ізраільскага амбасадара.

Самалёт Іл-20 займаецца радыёэлектроннай разведкай і радыёэлектроннай барацьбой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі