Вы тут

Сілавікі, двоеўладдзе, перамовы: чым падобная Венесуэла да Беларусі?

Пратэстуючы ў Каракасе пасля прэзідэнцкіх выбараў​ / Reuters

Венесуэла і Беларусь перажываюць хоць не ідэнтычныя, але вельмі падобныя сцэнары. Да такіх заключэнняў прыходзілі яшчэ год таму палітыкі і эксперты. Еўрарадыё шукае паралелі і ўспамінае найноўшую гісторыю Венесуэлы.

У 2013 годзе памёр Уга Чавес. Кіраваць краінай стаў Нікалас Мадура, былы міністр замежных спраў. У 2014 годзе абваліліся цэны на нафту і яму дастаўся не самы лепшы расклад: высокі ўзровень гвалту ў гарадах, інфляцыя і дэфіцыт асноўных тавараў. Паўсюдна выбухалі грамадзянскія пратэсты.

 

Паліцыя адганяе пратэстуючых з выкарыстаннем спецсродкаў / Reuters

Мадура фізічна душыў іх некалькі гадоў, аж да новых прэзідэнцкіх выбараў у 2018 годзе, якія большасць краін не прызнала. Выбухнулі палітычны і сацыяльны крызісы. Краіна падзялілася на два полюсы.

На пасадзе прэзідэнта застаўся Нікалас Мадура. Хуан Гуайдо, спікер Нацыянальнай асамблеі, абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Нікалас Мадура ахарактарызаваў падзеі, якія адбываліся, як спробу дзяржаўнага перавароту. Спыніў усе дыпсувязі з ЗША і абвінаваціў заходніх палітыкаў у спробе ўмяшацца ва ўнутраныя справы.

 

Самопадпал падчас крызісу у 2019 годзе / Reuters

ЗША і іншыя заходнія краіны перыядычна сталі ўводзіць санкцыі супраць уладаў Венесуэлы.

У 2020 годзе пасля актыўнага сілавога пагашэння пратэстаў у Беларусі вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль правёў адназначныя паралелі: "Мы не прызнаём яго [Лукашэнку] законным прэзідэнтам. Як і не прызнаём [прэзідэнта Венесуэлы] Нікаласа Мадура. З гэтага пункту гледжання Мадура і Лукашэнка знаходзяцца ў абсалютна аднолькавых сітуацыях".

Сам Мадура адправіў Лукашэнку тэлеграму з віншаваннем з перамогай на выбарах.

"У Венесуэле было дапушчана шмат памылак. Уга Чавес быў маім сябрам, і я яму казаў пра некаторыя памылкі. Ён часта раіўся, у тым ліку ў ваенным плане, прыязджаў да нас", — расказваў Лукашэнка.
 

Венесуэла пасля выбараў 2018 года

Пасля выбараў і пратэстаў Еўрасаюз заявіў, што прызнае галоўнага апазіцыйнага лідара Хуана Гуайдо часовым прэзідэнтам. А пра падтрымку Мадура заявілі ўлады Расіі, Кітая, Балівіі, Кубы, Мексікі, Нікарагуа, Сальвадора, Ірана, Турцыі і ПАР.

Супрацьстаянне апазіцыі з "нелегітымнай" уладай зацягнулася на некалькі гадоў. Мадура цяпер не збіраецца адмаўляцца ад прэзідэнцкага крэсла, але гатовы на перамовы з апазіцыяй. Гуайдо практычна сыходзіць з палітычнай арэны, а ў студзені краіны ЕС перасталі лічыць яго часовым кіраўніком Венесуэлы.

 

Кілаграм мяса побач з 9 500 000 балівараў. Столькі грошай за яго прасілі на рынку ў Венесуэле у 2019 / Reuters

Цяпер у краіне няма пазітыўнай тэндэнцыі, якая б паказвала хуткі выхад з крызісу: санкцыі не прыбралі, пандэмія каранавіруса і валатыльнасць цаны на нафту.

А венесуэльцы, як і дзесяць гадоў таму, скардзяцца на нястачу прадуктаў у крамах і нізкі заробак. ВУП краіны ў 2020 годзе ўпаў на траціну, а ўзровень інфляцыі б'е ўсе сусветныя рэкорды.
 

Чаму Лукашэнка арыштоўвае ўсіх, а Мадура не?

Хуан Гуайдо да гэтага часу знаходзіцца на волі. І нават парушэнне забароны пакідаць краіну ад Вярхоўнага суда Венесуэлы ніяк не адбілася на асабістай свабодзе палітыка. Ён два разы дэманстратыўна пакідаў краіну, адпраўляючыся ў паездку ў Вашынгтон і па краінах Лацінскай Амерыкі, бесперашкодна вяртаючыся на радзіму.

Сам Мадура пагражаў, што арыштуе Гуайдо, але не зрабіў гэтага. Магчыма, не жадаючы эскаляваць канфлікт і каб "не ператвараць яго ў палітычнага вязня ў вачах заходніх дзяржаў". "У той дзень, калі пракуратура і суд вынесуць пастанову аб яго арышце, мая рука не задрыжыць, каб выканаць гэта", — так заяўляў Мадура.

Лідэр апазіцыі Венесуэлы Хуан Гуайдо сустракаецца ў Каракасе са сваімі прыхільнікамі / Reuters

"Калі б мы арыштавалі Гуайдо, то цяпер ён быў бы героем, ён быў бы нацыянальным і міжнародным сімвалам, пакутнікам для ЗША. Таму мы вырашылі, што ён сам сябе знішчыць", — казаў у інтэрв'ю іспанскаму выданню ABC былы мэр Каракаса Фрэдзі Берналь.

Як і Аляксандр Лукашэнка, Мадура можа ўпэўнена заяўляць пра поўны кантроль над войскам, спецслужбамі і паліцэйскімі структурамі.

Матэрыяльная падтрымка, якой карыстаюцца вайскоўцы, у некалькі разоў перавышае сярэдні заробак лекара ці выкладчыка.

Санкцыі, санкцыі, санкцыі

У ліпені 2020 года Высокі суд Вялікабрытаніі пастанавіў адмовіць ураду Венесуэлы ў доступе да залатых зліткаў з венесуэльскага залатога запасу, які захоўваецца ў Банку Англіі. Да гэтага ўрад Мадура спрабаваў забраць золата на суму 1 млрд долараў, тлумачачы гэта неабходнасцю патраціцца на барацьбу з пандэміяй каранавіруса.

Пасля масавых пратэстаў у Венесуэле з краінай практычна перасталі супрацоўнічаць большасць дзяржаў ЕС і ключавыя краіны Лацінскай Амерыкі. Пры гэтым Каракас працягвае прымаць дапамогу ад Расіі і Кітая.

Лаўроў сустрэўся з кіраўніком МЗС Венесуэлы Арреаза / Reuters

МВФ, які выдаў Беларусі амаль мільярд долараў, не выдаў іх Венесуэле.

Расія актыўна дапамагае Венесуэле і ў барацьбе з каранавірусам. Сам Мадура незадоўга да гэтага заявіў, што гатовы стаць першым венесуэльцам, які прышчэпіцца расійскай вакцынай ад каранавіруса.

Расійскія ўлады, у сваю чаргу, неаднаразова падкрэслівалі, што прызнаюць Мадура адзіным законным лідарам краіны, і заклікалі заходнія краіны не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Венесуэлы.
 

Перамовы з апазіцыяй

У Беларусі актыўна абмяркоўваецца пытанне перамоў рэжыму Лукашэнкі з апазіцыяй. Святлана Ціханоўская заявіла пра гатоўнасць абмяркоўваць шляхі выхаду з крызісу яшчэ ў красавіку 2021 года.

Венесуэла праходзіць этап перамоў цяпер. Пачаць дыялог прапанаваў у траўні лідар апазіцыі Хуан Гуайдо. Мадура пагадзіўся на перамовы толькі ў ліпені. І высунуў чатыры ўмовы: удзел у перамовах усіх палітычных сіл краіны, прызнанне імі органаў дзяржаўнай улады і іх правамоцнасці, адмова ад гвалту і зняцце санкцый з Венесуэлы.

Апазіцыя заклікае палегчыць увоз у Венесуэлу гуманітарнай дапамогі, уключаючы вакцыны супраць COVID-19, а таксама вызваліць дзясяткі яе прыхільнікаў, якіх яна лічыць палітычнымі зняволенымі.

13 жніўня на прасторах Мексікі і пры садзейнічанні Нарвегіі бакам удалося заключыць мемарандум аб узаемаразуменні. Там прыводзіцца спіс задач з розным практычным значэннем. Але, па сутнасці, Мадура імкнецца ў першую чаргу да зняцця санкцый з дзяржавы і чыноўнікаў.

Перамовы суправаджаюцца нярэдкімі скандаламі і гучнымі заявамі. Так, Мадура ўжо не раз абвінавачваў ЗША і Калумбію ў спробе сарваць перамовы. Якія вынікі першага раўнда?

Пакуль вынікаў няшмат. Венесуэльская апазіцыя праз тры гады байкоту абвясціла пра свой удзел у рэгіянальных выбарах 21 лістапада. Таксама апазіцыі ўдалося вызваліць свайго лідара, асуджанага за датычнасць да замаху на кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе. Новы раўнд перамоў пачнецца 24 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.