Шыбека: Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася з-за эканамічнага крызісу


Еўрарадыё: Калі і з чаго пачаўся першы крызіс у Беларусі?


Шыбека: На маю думку, такі першы сур’ёзны эканамічны крызіс адбыўся ў сярэдзіне XII стагоддзя, у выніку новай міжнароднай сітуацыі. Старажытныя беларускія княствы страцілі гандлёвы доступ да Візантыі, з якой ішоў інтэнсіўны міжнародны гандаль — адтуль паступалі інвестыцыі ў дырхемах з Арабскага халіфата. Гэтыя шляхі былі перарэзаныя татара-манголамі ў сярэдзіне XII стагоддзя. Пачаліся эканамічныя цяжкасці. Княствы не выстаялі, бо міжнародны гандаль даваў асноўны прыбытак. Яны не змаглі своечасова пераарыентавацца на Захад.


Днепр быў перарэзаны, а Заходняя Дзвіна не стала артэрыяй, якая б звязала нас з Еўропай. Нашыя землі аказаліся ў ізаляцыі. І як вынік — перамяшчэнне цэнтру з Полацку ў Навагрудак, які першым здолеў зарыентавацца на Захад і стаў першай сталіцай ВКЛ.


Еўрарадыё: Цікава, што гэта амаль нашая сітуацыя! А як рэагавала на той крызіс насельніцтва?


Шыбека: Сялянства фактычна не адчула крызісу. Яго адчула эліта, купцы, рамеснікі. Вынікам гэтага крызісу стала пераарэнтацыя з Візантыйскай цывілізацыі на еўрапейскую і ўтварэнне ВКЛ як еўрапейскай дзяржавы. Інтэграцыя ў еўрапейскі рынак.


Еўрарадыё: Ці закрануў той крызіс нашых суседзяў?


Шыбека: Закрануў Украіну, яна таксама змяніла свой вектар на Захад. Гэты крызіс паўплываў на лёс прыбалтыйскіх народаў. У выніку мы займелі не толькі еўрапейскі вектар, але і адбывалася ўмацаванне каталіцызму.


“Спірт ішоў на экспарт, а брага — на корм жывёлы. Нашыя каровы тады пілі брагу


Еўрарадыё: Што для нашых земляў было горш: лакальныя крызісы ці наступствы сусветных?


Шыбека: Першы сусветны крызіс быў у 1870-х гадах. Гэты крызіс ахапіў сельскую гаспадарку.Гэта было выклікана масавым экспартам таннага амерыканскага і канадскага збожжа. Мясцовыя памешчыкі вымушаныя былі шукаць выйсце і з’явілася спецыялізацыя на жывёлагадоўлю. Гадавалі пародзістых кароў, якіх набывалі ў Галандыі. Яны давалі вялікія надоі. Панскі маёнтак пераўтварыўся ў закрыты эканамічны комплекс. Вось статак кароў, вось вінакурны завод. Спірт ішоў на экспарт, а брага — на корм жывёлы. Нашыя каровы тады з задавальненнем пілі брагу. Відаць, трошку балдзелі і малако ў іх было крыху салодкае.


Еўрарадыё: А які крызіс быў самы жорсткі для Беларусі?


Шыбека: Самы жорсткі парадзілі бальшавікі. Здзейснілі злачынства: яны знішчылі прыватную ўласнасць. Людзі, якія страцілі права на ўласнасць, пераўтварыліся ў жывёльны статак, які можна было гнаць куды заўгодна: на сталінскія будоўлі, у ГУЛАГі, да перамогі сацыялізму і камунізму. Самай жорсткай праявай гэтага крызісу быў голад 1932 года. Страшная эканамічная катастрофа. Пасля гэтага людзі перасталі быць гаспадарамі. І на працягу ўсяго панавання бальшавізму не мелі магчымасць стаць самадастатковымі, жылі ў паўжабрацкім стане. Пакуль у Расіі не адкрылі радовішчы нафты.


Еўрарадыё: То бок можна сказаць, што крызіс доўжыўся ўвесь час, пакуль уладарылі бальшавікі?


Шыбека: Так, пакуль яны ўладарылі, быў зацяжны эканамічны крызіс, стагнацыя, што пацягнула распад Савецкага саюза. Сусветныя крызісы ў Беларусі даволі хутка пераадольваліся, а вось лакальныя, як, да прыкладу, панаванне бальшавікоў, былі проста катастрафічнымі.


“Сяляне арганізавана байкатавалі панскія маёнткі да таго часу, пакуль ім не павышалі заробкі”


Еўрарадыё: Пратэсты, паўстанні ці рэвалюцыі былі выкліканыя крызісамі?


Шыбека: У часы феадальнай эканомікі пратэсты мелі форму сялянскіх выбухаў, паўстанняў, выступленняў лакальнага характару. Можа таму, што феадальнае права ў Беларусі было больш лагодным, чым у Расіі. У нас нельга было прадаць прыгоннага без зямлі, як жывёліну.


Калі мы былі ўжо ў складзе Расійскай імперыі гэтыя пратэсты ўзмацняліся. У нас быў цывілізаваны пратэст. Не аграрны тэрор, які быў пашыраны ў Расіі, дзе забівалі памешчыкаў, падпальвалі маёнткі — такое было ў нас, але ў меншай ступені. У асноўным пратэст адбываўся ў форме сельскагаспадарчых забастовак. Сяляне арганізавана байкатавалі панскія маёнткі да таго часу, пакуль ім не павышалі заробкі.


Што тычыцца крызіснай эканомікі савецкага ўзору, то пратэсты адбываліся перманентна, у прыхаванай форме. Выкарыстоўвалася любая магчымасць, каб выступіць супраць савецкай улады. Гэтыя пратэсты пачыналіся з 1919 года. Былі ўсемагчымыя паўстанні: Слуцкае паўстанне, лакальныя паўстанні міжваеннага часу. Яны былі скіраваныя не толькі супраць русіфікацыі. У аснове ляжаў эканамічны пратэст. Права людзей на годнае жыццё. Бо франтавікі пабачылі, як жывуць еўрапейцы, і гэта натхняла іх.


Еўрарадыё: Як зазвычай дзейнічала ўлада падчас крызісаў? Ці спрабавала знайсці шляхі пераадолення разам з грамадствам?


Шыбека: Улады ўступалі ў перамовы з пратэстоўцамі, каб выйграць час і зрэшты іх прыдушыць. Так было падчас Крычаўскага паўстання, так было ў часы антыцарскіх паўстанняў 1863 года. Віленскі генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік падараваў ільготы сялянам, каб іх адцягнуць ад выступленняў. А потым тая ж эканамічная палітыка праводзілася ў нязменнай форме. Добразычлівага дыялогу ў нашай гісторыі я не памятаю. Відаць, праз гэта нам зараз складана наладзіць такі дыялог.


Еўрарадыё: Ці была практыка крэдытавання Беларусі іншымі дзяржавамі?


Шыбека: У часы ВКЛ не было крэдытавання, бо гандаль зернем даваў дастаткова сродкаў для ўзбагачэння краю. Ужо ў XVIII стагоддзі, перад падзеламі Рэчы Паспалітай, з’явіліся капіталы з Прусіі, пачалося будаўніцтва мануфактураў. Што тычыцца Расіі, то мы не былі суб’ектам гаспадарання: каб атрымліваць замежныя інвестыцыі, іх атрымліваў царскі ўрад. Бальшавікі атрымалі “інвестыцыі” ад немцаў, каб правесці пераварот.


Еўрарадыё: То бок Беларусь з тых інвестыцый нічога не бачыла?


Шыбека: Так, напрамую яна не мела ад іх выгады.


“Дзякуючы тэлеграфу адбылася гэтая ўсеагульная стачка”


Еўрарадыё: А якім чынам пратэстоўцы самаарганізоўваліся без інтэрнэту?


Шыбека: Любыя паўстанні былі непазбежна прыдушаныя, бо не было сувязі, арганізаванасці. Яны мелі пераважна лакальны характар і хутка душылася. Першы арганізаваны выступ, з якім улады Беларусі і Расіі не справіліся, — рэвалюцыя 1905-1907 гадоў. Тады з’явіўся тэлеграф. Дзякуючы тэлеграфу адбылася гэтая ўсеагульная стачка.


Еўрарадыё: А ці была ў пэўны крызіс масавая эміграцыя з Беларусі?


Шыбека: Першая сур’ёзная хваля эміграцыі пачалася пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Але тады ад’язджалі ў асноўным габрэі. Потым, у гады вайны, многія ад’ехалі на Захад. Пэўная эміграцыйная хваля адбылася пасля вайны, калі ішла дэмаркацыя мяжы паміж Польшчай і Беларусcю. У 1929 годзе выбухнуў сусветны крызіс, Беларусы, якія жылі ў заходняй частцы краіны, пад уладай Польшчы, зведалі наступствы гэтага крызісу. Узрасла эміграцыя беларусаў за мяжу. Многія ехалі ў Амерыку, зараблялі там грошы, потым вярталіся назад, набывалі тут зямлю і станавіліся фермерамі. На Захадзе хоць і быў крызіс, але была магчымасць выйсці з крызісу, нейтралізаваць яго, знайсці нейкі паратунак. І зараз мы назіраем адток актыўных маладых людзей на Захад.


Еўрарадыё: Ці былі выпадкі, калі ў выніку эканамічнага крызісу ў Беларусі змянялася ўлада?


Шыбека: Мяркую, падзенне царызму звязанае з эканамічным крызісам. Царская эканоміка аказалася малаэфектыўнай, не вытрывала. Што тычыцца менавіта Беларусі, то такіх прыкладаў я прыгадаць не магу. Проста неадпаведнасць, незадаволенасць збіралася і зрэшты выбухнула падчас развалу Савецкага саюза.


Еўрарадыё: Можаце параўнаць сёлетні крызіс з мінулымі з нашае гісторыі?


Шыбека: Такі ж крызіс мы перажылі ў 1998 годзе, які быў выкліканы тым, што мы не пераарыентавалі эканоміку на рынкавыя рэйкі. Падобны крызіс быў напярэдадні распаду СССР. Тыя ж прычыны, што і цяпер: дырэктыўная эканоміка, манапалізм дзяржавы на прыватную ўласнасць. Гэта фактычна мадэрнізаваны феадалізм, калі дзяржава мае права на ўсё эканамічнае жыццё. Кіраванне ўручную эканомікай становіцца неэфектыўным, немагчымым і вядзе да перакосу.
Калі прыходзіць крызіс, значыць, з’яўляецца сігнал, што ў эканоміцы нешта не так, нешта парушана, трэба нешта змяняць. Напрыклад, у ЗША эканамічны крызіс 1929 года прывёў да ўлады новых людзей на чале з Рузвельтам. Знакаміты курс Рузвельта — “Новая эканамічная палітыка” — і вывеў гэтую краіну з крызісу. Кожны крызіс у гісторыі — расчышчэнне прасторы для новага этапу развіцця.

фота: Generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі