Швейцарская журналістка пра затрыманне ў Мінску: "Гэта было чыстае беззаконне"

Пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтермат і Люцыя Чырко / twitter.com/SwissAmbBelarus​
Пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтермат і Люцыя Чырко / twitter.com/SwissAmbBelarus​

Паводле слоў маскоўскай карэспандэнткі швейцарскай тэлерадыёкампаніі SRF Люцыі Чырка, яе затрымалі, калі яна разам са знаёмай і яе мужам ішлі ў кафэ.

Журналістка са Швейцарыі была затрыманая ў Мінску ў нядзелю і правяла некалькі гадзін у РУУС. У яе была акрэдытацыя.

"Мы стаялі каля святлафора і збіраліся перайсці вуліцу, калі каля нас нечакана спыніўся мікрааўтобус. Трое мужчын у масках выскачылі адтуль і сказалі прайсці з імі", — расказала яна ў эфіры сваёй тэлекампаніі.

Люцыя Чырка спрабавала растлумачыць невядомым, што яна з'яўляецца грамадзянкай Швейцарыі, што яна журналіст і што ў яе ёсць акрэдытацыя беларускага МЗС. Але ў выніку апынулася ў мікрааўтобусе без апазнавальных знакаў разам са сваімі знаёмымі. Унутры былі ўзброеныя дубінкамі людзі ў форме і іншыя затрыманыя.

"Нам не сказалі, чаму нас забралі, ці арыштавалі нас і куды збіраюцца везці", — распавяла журналістка.

Затрыманым сказалі толькі, што іх вязуць для праверкі дакументаў. Журналістка настойвае, што пастаянна паказвала супрацоўнікам свой пашпарт, трымала яго адкрытым перад відэарэгістратарам аднаго з мужчын у форме, але ў выніку ўсё роўна апынулася ў РУУС.

У РУУС Люцыя Чырка таксама прасіла супрацоўнікаў міліцыі даць ёй магчымасць звязацца з пасольствам.  Праз некаторы час да яе падышла супрацоўніца з міграцыйнай службы і сказала, што "з ёй жа нічога не здарылася". Пасля гэтага Люцыю адпусцілі, але яе знаёмыя засталіся ў РУУС.

"Лічу, гэта было чыстае беззаконне", — кажа яна. Журналістка таксама распавяла, як няпроста было атрымаць дазвол на працу ў Беларусі. Акрэдытацыю МЗС яна чакала некалькі месяцаў, атрымала яе толькі ў лістападзе. У снежні ёй далі візу.

"Я хацела як мага хутчэй паехаць у Беларусь, але сёння я была ў горадзе па асабістых справах. Спадзяюся, маіх знаёмых хутка вызваляць", — сказалаЧырка.

Калі стала вядома аб затрыманні журналісткі, Дэпартамент замежных спраў Швейцарыі звярнуўся у беларускае Міністэрства замежных спраў. Калі Люцыю нарэшце вызвалілі, кіраўнік швейцарскай дыпламатыі Іньяцыа Касіс, напісаў, што ён рады і падзякаваў "усім, хто садзейнічаў хуткаму вырашэнню пытання".

Усяго ў нядзелю ў Мінску было затрымана каля 170 чалавек. У РУУС апынуліся у тым ліку некалькі лекараў і топ-менеджары кампаніі "Зубр Капітал".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі