Шведы абвінавацілі мінскіх хакеістаў у крадзяжы, "Юнацтва" запатрабуе прабачэння

Шведы абвінавацілі мінскіх хакеістаў у крадзяжы, "Юнацтва" запатрабуе прабачэння

Менеджар шведскага хакейнага клуба "Мальмё" Эндзі Фагерстром абвінаваціў хакеістаў мінскага "Юнацтва" ў... крадзяжы. Каманды правялі ў Швецыі матч Лігі чэмпіёнаў (гаспадары пляцоўкі выйгралі з лікам 4:1), пасля якога з распранальні гасцей нібыта зніклі ручнікі, шампунь і чайнік. Як інфармуе tut.by, да скандальнай справы далучыўся дырэктар "Мальмё" Патрык Сільвегорд, які пачаў раздаваць інтэрв'ю, дзе казаў, што "Юнацтва" мусіць несці адказнасць. Паводле яго слоў, мінчукі нечым "адзначыліся" і ў гатэлі.

Генеральны дырэктар ХК "Юнацтва" Аляксей Торбін у каментары tut.by абверг заявы прадстаўнікоў шведскага клуба. Інфармацыю пра крадзеж ён назваў фейкам. Паводле слоў Торбіна, у гатэлі да беларусаў няма ніякіх прэтэнзій. Не мае афіцыйных прэтэнзій і клуб. Але яго супрацоўнік абразіў беларускі бок сваімі абвінавачаннямі, таму "Юнацтва" будзе патрабаваць афіцыйнага прабачэння.

Дарэчы, шведы накіроўваюцца на матч у Мінск (ён пройдзе на "Чыжоўка-Арэне" 6 верасня, пачатак у 19:00), і іх чакае сур'ёзная размова з прадстаўнікамі "Юнацтва", у тым ліку і пра шампунь з чайнікам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі