Шумчанка: Калі даходы людзей не павялічацца, бізнэс пойдзе "пад адхон"

Еўрарадыё: Як новы курс валют адаб’ецца на беларускім бізнэсе?
110915 ShumchankaS.mp3
Анатоль Шумчанка: Сёння (гутарка адбылася ў чацвер — Еўрарадыё) атрымалася памяняць долары па 8 700, таму 8 000 — гэта адкрыццё. У любым выпадку, мяжа гэтай сумы робіць бізнэс фактычна немагчымым. Новы курс пакрываецца за кошт тых рэзерваў, якія былі напрацаваныя ў мінулыя гады. І пакуль за кошт гэтага і трымаюцца рынкі, трымаюцца гандлёвыя цэны і трымаецца бізнэс. Але калі не будуць зроблены нейкія крокі ў бок павелічэння даходаў насельніцтва, то катастрофа ў бізнесе непазбежная. Нашы знаёмыя прадпрымальнікі, якія працуюць у раёне трактарнага завода, у Серабранцы, дзе рынак "Свелта", куды прыходзяць набываць тавары простыя людзі з інтэрнатаў. Некаторыя нават баяцца выходзіць на працу, бо асноўнай перашкодай з’яўляецца тое, што трэба называць цану. Былі выпадкі, калі даходзіла да павышаных тонаў і прамых абвінавачванняў.

Еўрарадыё: Калі пакупнік, у якога не хапае грошай, каб набыць нейкі тавар, пытаецца пра падаражанне, што тлумачаць прадпрымальнікі?

Анатоль Шумчанка: Прадпрымальніку складана патлумачыць звычайнаму чалавеку, чаму менавіта столькі каштуе тавар. Ён не можа пачынаць распавядаць увесь курс эканамічнай тэорыі і чаму да гэтага ўсё прывяло. А сказаць, што ў гэтым вінавата дзяржава, то гэта нічога не сказаць. Таму ў лепшым выпадку, проста прадпрымальнікі моўчкі апускаюць вочы, бо сказаць ім людзям няма чаго...

Вяртаючыся да пачатку нашай размовы, пра курс. Гэты курс — гэта катастрофа для малога бізнэсу. Калі не будуць павялічаныя даходы насельніцтва, то мы атрымаем на выхадзе вельмі шмат прадпрымальнікаў, якія абанкруціліся, і чый бізнэс пойдзе "пад адхон". Дзяржава сёння дэманструе на прыкладзе гэтага курса, што яна будзе праводзіць строгую грашова-крэдытную палітыку, будзе забіраць лішкі грашовых сродкаў, а людзям пакінуць грошы на ежу і на прадметы першай неабходнасці, а ўсё астатняе, на жаль, будзе раскошай. А раскоша у разуменні дзяржавы — гэта адно, а ў разуменні народа — гэта іншае.

Прадпрымальнікі, як і народ, у гэтым плане проста аказаліся кінутымі роднай дзяржавай, і на вельмі вялікія грошы. Мы залежым ад людзей, таму мы ўсе засталіся крайнімі... Калі сітуацыя не выправіцца, будзе нейкі сацыяльны выбух, я ў гэтым нават не сумняваюся.

Еўрарадыё: Ці здольныя цяпер прадпрымальнікі закупляць новыя тавары, плаціць за арэнду і падаткі?

Анатоль Шумчанка: Многія пазычылі грошы і ўклалі іх у тавар. А цяпер можаце ўявіць, калі яны гэтыя грошы не забіраюць з абарачэння, за што яны будуць жыць зімой, за што яны будуць плаціць падаткі і арэнду? Сітуацыя будзе крытычная літаральна праз некалькі месяцаў, калі нічога не зменіцца.

Еўрарадыё: Старшыня Мінгарвыканкама заявіў, што цяпер нават знізяцца цэны на тавары, бо прадпрымальнікі заклалі ў свае тавары курс 10 тысяч рублёў за долар. Таму кошты аўтаматычна пойдуць уніз. Вы згодныя з гэтым выказваннем?

Анатоль Шумчанка: Я не падзяляю гэты пункт гледжання. Шматлікія прадпрымальнікі разважаюць такім чынам: навошта нам сёння зніжаць кошты, калі мы панеслі страты.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі