Вы тут

Shuma, Гюнеш, Alekseev: вызначаны фіналісты беларускага адбору на "Еўрабачанне"

Фота: Еўрарадыё

У Белтэлерадыёкампаніі назвалі 11 фіналістаў нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2018". Гэта Shuma, Гюнеш, Кірыл Гуд, гурт "Радиоволна", Анастасія Малашкевіч, Napoli, Alen Hit, Аляксандра Ткач (Lexy), Аляксандр Геліх (Adagio), расіянка Соф'я Лапіна і ўкраінскі выканаўца Alekseev

Журы нацыянальнага адбору

Падчас праслухоўвання выканаўцы распавялі Еўрарадыё пра тое, чаму ім важна паехаць на "Еўрабачанне".

Кірыл Гуд: Хочацца паказаць, што ў Беларусі ёсць людзі — саўндпрадзюсары, музыкі і спевакі, якія могуць рабіць музыку на еўрапейскім узроўні, цікава яе падаць і проста паказаць, што ў нас ёсць добрая музыка, а не толькі песні шведскіх аўтараў. У нас ёсць крутыя крэатыўныя беларускія выканаўцы, якія могуць рабіць на ўзровень вышэй, чым многія чакаюць. Тыя песні, якія сёлета купілі, мне не падаюцца стыльнымі і наватарскімі. Сёння мяне здзівіў гурт Shuma: гэта гучала вельмі здорава і па-новаму. Упэўнены, што патэнцыял беларусаў яшчэ не раскрыты, але ўсё наперадзе.

 

Гюнеш: Увогуле я за тое, каб прадукт, які мы выдаем на Еўропу, быў напісаны беларускімі аўтарамі. Але атрымалася, што я пазнаёмілася з Цімам Норэлам, ён напісаў для мяне песню пра моцную жанчыну, і я не магла ад яе адмовіцца. Мяне змяніла нараджэнне сына. Я стала цаніць многія рэчы, якія раней не заўважала. Сёлета я выйграла два конкурсы — на Мальце і ў Македоніі. Я адчула сілы, што магу зноў змагацца і стаяць пад беларускім сцягам. Я прыйшла для таго, каб паказаць прыклад сваім калегам. Я тут сёмы раз. Не спыняйцеся, усё атрымаецца. Галоўнае — хацець!

 

Руся Шукюрава, гурт Shuma: Удзел у такім конкурсе — гэта цудоўная медыя-платформа для артыста, і не важна, даходзіць ён да фіналу ці проста прымае ўдзел, гэта выдатны шанец паказаць свой культурны прадукт.

Alekseev: На мой погляд, ад Украіны цяпер мусіць ехаць артыст, вядомы ў межах украінскага шоу-бізнесу, гэта цяпер вельмі важна.

Еўрарадыё: А чаму вы не думаеце, што для Беларусі таксама важна, каб паехаў лакальна вядомы беларускі артыст?

Alekseev: Натуральна, беларускія артысты таксама хочуць паехаць. Але я заўсёды быў за канкурэнцыю. Адзінае, што я хачу, — проста данесці сваю творчасць і паспрабаваць свае сілы. Упэўнены, што перамагчы мусіць мацнейшы. Часта ў маёй кар'еры былі моманты, калі мне прапаноўвалі адвярнуцца ад сваёй мары і заняцца нечым іншым. У нейкі момант я пайшоў на гэта і практычна стаў няшчасным чалавекам. Але рады, што не пакінуў мару, не гледзячы на цяжкасці. Сёння ўсё было цудоўна ў многім дзякуючы таму, што я не звяртаў увагі на знешнія моманты, а ішоў па сваім шляху.

 

Слухайце песні фіналістаў: