Што з патрабаванняў беларускай апазіцыі здольны выканаць ЕС?

Апазіцыя заклікала Еўрасаюз “зрабіць крокі насустрач Беларусі”. Крокаў павінна быць некалькі: аблягчэнне візавага рэжыму ажно да адмены еўрапейскіх віз для беларусаў, рэалізацыя пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50-кіламетровай зоне на мяжы з Польшчай і Літвой, пашырэнне падтрымкі дэмсіл і гэтак далей.

Падпісаліся пад гэтым мемарандумам лідары руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ці здольны выканаць Еўрасаюз “умовы” беларускай апазіцыі?

Палітычны дарадца Партыі Рэформ Эстоніі Аарні Веэдла называе заклікі беларускіх дэмакратаў наіўнымі.

Аарні Веэдла: “Гэта (аблягчаць візавы рэжым, рэалізаваць пагадненне аб малым памежным руху. — Еўрарадыё) складана заўсёды, бо звязана з адносінамі паміж дзяржавамі. А тут дзейнічаюць пэўныя правілы. Проста змяніць гэтую матрыцу не атрымліваецца”.

Згодная з калегам эксперт Брусельскага офіса фонду Карнэгі Вольга Шуміла-Тапіёла. Тым больш што любая краіна, з якой ЕС палягчае візавы рэжым, абавязаная выканаць шэраг тэхнічных умоў. Да прыкладу, падпісаць пагадненне аб рэадмісіі — згодзе прымаць сваіх грамадзян, якія падлягаюць дэпартацыі з краін ЕС.

Вольга Шуміла-Тапіёла: “Калі пытанне заходзіць пра візы, то гэта не столькі палітычнае пытанне наконт адкрытасці краіны, колькі пытанне бяспекі ўласных грамадзян. І тут шмат залежыць ад рашэння міністраў унутраных спраў, якія не маюць дачынення да знешняй палітыкі і якія не клапоцяцца пра знешнюю палітыку. Іх галоўная задача — абараняць сваіх грамадзян ад эмігрантаў з іншых краін”.

Да таго ж, звяртае ўвагу суразмоўца Еўрарадыё, знешняя палітыка ЕС не абмяжоўваецца стасункамі з Беларуссю.

Вольга Шуміла-Тапіёла: “Пайсці на саступкі для Беларусі азначае, што трэба будзе ісці на саступкі для іншых краін. Тут мы маем Расію і Украіну, у якіх нашмат большы эміграцыйны патэнцыял. І для ЕС разуменне гэтага таксама будзе стрымліваючым фактарам”.

І гэта нягледзячы на ўсё жаданне дапамагчы простым беларусам і надзею, што чым больш грамадзян нашай краіны наведае Еўропу і паглядзіць на яе жыццё, тым больш іх стане прыхільнікамі перамен на радзіме.

Тым больш, дадае Аарні Веэдла, што ЕС і так робіць усё магчымае для спрашчэння візавага рэжыму. Тое ж тычыцца і заклікаў “пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю”.

Аарні Веэдла: “Калі паглядзець на навучальныя праграмы, якія былі створаныя ў краінах ЕС: і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Эстоніі — то яны ж створаныя, людзі атрымалі падтрымку!”

Эстонскі палітолаг называе такія заявы неад’емным складнікам “палітычнага Марлезонскага балету”: ведаеш, што сэнсу рабіць іх асаблівага няма, але — казаць трэба. З апошнім згодная Вольга Шуміла-Тапіёла.

Вольга Шуміла-Тапіёла: “Гэтыя пытанні неабходна ўзнімаць. Бо ў Еўропе ёсць сілы, якія гатовыя да адкрытасці Еўропы, якія разумеюць, што візамі не спыніш шмат якія рэчы. Утрымліваць людзей з постсавецкай прасторы межамі, асабліва калі ў іх краінах рэжымы не вельмі добра ставяцца да ўласных грамадзян, як у Беларусі, — гэта не выйсце. Усё адно плаціны прарве, і гэта будзе нашмат горш”.

Казаць пра гэта трэба хаця б дзеля таго, каб пазлаваць беларускія ўлады — яны не хочуць ні спрашчэння візавага рэжыму, ні малога памежнага руху, ні, тым больш, пашырэння падтрымкі сваіх апанентаў.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі