Вы тут

Што вядома пра новы штам каранавіруса з ПАР і Батсваны

У ПАР выявілі ўжо каля 80 чалавек з новым відам штаму / pexels.com, фота носіць ілюстрацыйны характар

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) збірае ў пятніцу надзвычайнае пасяджэнне па тэме новага штаму каранавіруса, які быў знойдзены ў ПАР і Батсване, паведамляе ТАСС са спасылкай на газету Financial Times. Штам атрымаў назву B.1.1.529.

Эксперты СААЗ павінны вызначыцца як ацэньваць новы штам: як варыянт, які выклікае занепакоенасць, ці варыянт, які выклікае цікавасць.

Раней у чацвер дырэктар Цэнтра эпідэмічных дзеянняў у адказ і інавацый Паўднёвай Афрыкі Туліа дэ Алівейра распавядаў, што новы штам мае вельмі вялікую колькасць мутацый. Гэта "стварае пагрозу хуткага распаўсюджвання інфекцыі". Аб гэтым жа казаў брытанскі прафесар Цім Пікок. Паводле яго слоў, B. 1.1. 529 мае 32 мутацыі ў бялковых злучэннях шыпа коронавируса. Гэта надае яму здольнасць лягчэй пранікаць у клеткі чалавечага цела.

Ці абароняць ад гэтага штаму прышчэпкі, пакуль незразумела. СААЗ плануе даць адказ на гэтае пытанне на працягу некалькіх тыдняў. Пра гэта заявіла ў чацвер эксперт СААЗ Марыя ван Керкхове падчас сеансу пытанняў і адказаў у Twitter. Пры гэтым яна папрасіла не ўспрымаць сустрэчу СААЗ па гэтым пытанні як "сігнал трывогі". Проста існуе "сістэма дзеянняў для такога роду сітуацый", сказала яна.

У ПАР ужо выяўлены каля 80 чалавек-носьбітаў гэтага штаму. Яшчэ чацвёра інфіцыраваных B. 1.1.529 выяўлены ў Батсване, адзін — у Ганконгу (гэты чалавек прыбыў з ПАР). Вялікабрытанія і Ізраіль ужо прыпынілі авіязносіны з ПАР і яшчэ некалькімі афрыканскімі краінамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.